Кангрэсмены заклікаюць Джо Байдэна сустрэцца са Святланай Ціханоўскай

Ліст па гэтай справе прэзідэнту ЗША накіравалі прадстаўнікі нядаўна сфарміраванай парламенцкай групы сяброў Беларусі.

15175682365a7440ec2769d2.87264267.jpg

Кангрэсмены з нядаўна сфарміраванай парламенцкай групы сяброў Беларусі заклікалі ў лісце да прэзідэнта Джо Байдэна сустрэцца з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай падчас яе візіту ў ЗША ў ліпені, паведамляе hwww.polskieradio.pl.

«Мы лічым, што сустрэча са спадарыняй Ціханоўскай, дэмакратычным змагаром за свабоду (...), якая выступіла супраць аўтарытарнага дыктатара, прадэманструе прыхільнасць Амерыкі да дэмакратычных інстытутаў у трансатлантычных адносінах», — напісалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з абедзвюх партый.

Палітыкі дадалі, што сустрэча з Ціханоўскай будзе таксама сігналам «незаконнаму рэжыму», што «яго рэпрэсіі ў галіне правоў чалавека, фальсіфікацыі мінулагодніх выбараў і прымусовая пасадка і арышт Рамана Пратасевіча (...) непрымальныя ў вачах міжнароднай супольнасці».

Па словах кангрэсменаў, сустрэча таксама дасць магчымасць аднавіць заклік да вызвалення больш за 500 палітвязняў.

Святлана Ціханоўская павінна сустрэцца з кангрэсменамі з групы сяброў Беларусі на інаўгурацыйнай сустрэчы ў канцы ліпеня. Нагадваем, у чэрвені Ціханоўская выступіла з віртуальнай прамовай падчас паседжання Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў. Тады яна заклікала запрашаць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі на міжнародныя сустрэчы, у тым ліку Саміт G7 альбо саміт НАТА.