Кіраўнік МУС расказаў, як яго ведамства адрэагавала на спробу перавароту і ліквідацыі Лукашэнкі. Спойлер: ніяк!

Супрацоўнікі органаў унутраных спраў працуюць у штатным рэжыме, аднак любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы будуць спыняцца, заявіў кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў.

belnaviny.by_omon_provel_rejd_na_zybickoj_zaderzhano_18_chelovek.jpg


«Падвышаных захадаў бяспекі няма, мы рэагуем на тыя ці іншыя пагрозы, якія ўзнікаюць», — цытуе Івана Кубракова «Радыё Свабода».

Пры гэтым кіраўнік ведамства аспрэчыў, што прычынай канцэнтрацыі сілавікоў на вуліцах стала спроба «дзяржаўнага перавароту». Праз падазрэнне ў спробе падрыхтоўкі ліквідацыі Лукашэнкі і яго сям’і затрымалі старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, палітолага Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча.

Ён запэўніў, што ахове грамадскага парадку заўсёды надаецца «асаблівая ўвага». А павелічэнне колькасці супрацоўнікаў патрульнай-паставой службы звязаў з сезоннасцю.

«Гэта звязана толькі з тым, што наступіў вясенне-летні перыяд. У парках і скверах усё больш моладзі, таму нашы супрацоўнікі забяспечваюць ахову парадку ў штатным рэжыме», — растлумачыў ён.

Адказваючы на пытанне пра вучэнні ў Мінску, Іван Кубракоў адзначыў, што «вучэнні ў падраздзяленнях органаў унутраных спраў праходзяць пастаянна, супрацоўнікі ўдасканальваюць свае навыкі».

Акрамя таго, заявіў ён, міліцыя будзе рэагаваць на ўсе парушэнні падчас меркаванага «Чарнобыльскага шляху» — незалежна ад таго, дазволяць ўлады правядзенне акцыі ці не.

«Калі, вядома, грамадзяне пойдуць на несанкцыянаваныя акцыі ў гэты дзень, што я лічу няправільным і недапушчальным, супрацоўнікі будуць забяспечваць парадак. Парушэнні будуць фіксавацца і спыняцца. Мы да гэтага гатовыя», — папярэдзіў міністр.

9 красавіка прадстаўнікі апазіцыі падалі заяўку на правядзенне ў Мінску «Чарнобыльскага шляху», прымеркаванага да 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паводле закону, адказ з Мінгарвыканкама мусіў прыйсці да 21 красавіка — за 5 дзён да падзеі. Але, як сказаў «Свабодзе» старшыня партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, пакуль што гарадскія ўлады маўчаць.

Калі органы ўнутраных спраў ніяк не рэагуюць на «спробу дзяржаўнага перавароту», то, можа, і спробы ніякай не было?