«Ад гісторыі пра падвалы самім беларускім уладам ніякай карысці»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» эфектна выказваецца на тэму таго, хто паймеў профіт з беларускай «спробы дзяржаўнага перавароту» і «змовы супраць Лукашэнкі». І прыходзіць да высновы, што карысці гэтая гісторыя ўладам не прынесла.

9ef2b3fcf7b32ffb6af14715aa5e3302.jpg


Прывітанне, даражэнькая!

Ведаеш, мне здаецца, што беларускія ўлады самі, як бы гэта далікатна выказацца... злёгку збянтэжаныя поспехам, які «гомельскія падвалы» мелі на ўсходняга гледача. (Замест «злёгку збянтэжаныя» больш падышло б, вядома, іншае слова, але мы тут такіх слоў не ўжываем). Па-мойму, яны планавалі нешта больш камернае. Такую ўтульную хатнюю пастаноўку. Бо, калі сёй-той казаў сёе-тое пра Байдэна, ён жа казаў не затым, каб Байдэн гэта пачуў. Таму што... Ну, сказаў і сказаў чалавек. Трэба ж было трошачкі ўзмацніць драматычны эфект. Проста якая можа быць у 2021 годзе прыстойная змова без ЦРУ?

Вунь, глядзі, міністр унутраных спраў учора прызнаўся, што яны з-за гэтай змовы нават не ўводзілі дадатковых мер бяспекі. Ну, правільна. А што такога? Ну, змова, ну, пераварот, ну, падвалы. Вялікая справа, так? Што, першы раз, ці што? Было б дзеля чаго мітусіцца. На кожную змову дадатковых мер на напасешся.

А другі міністр, быццам бы замежных спраў, здзівіў яшчэ больш. На днях ён сказаў, што беларускія ўлады гатовыя прыняць пасла ЗША. Гэта значыць, у Байдэна яшчэ скрываўленыя хлопчыкі ў падвале з вачэй не выветрыліся, а паўнамоцны прадстаўнік гэтага злыдня ўжо жаданы госць для беларускага МЗС. Здавалася б, пасля такога жахлівага злачынства, якое яны там у сябе задумалі, не пасла трэба запрашаць, а высяляць тое пасольства, якое засталося. Чэхія вунь за меншае выгнала два дзясяткі расійскіх дыпламатаў. Але не. Беларускае МЗС адразу гатовае да ўзаемапаважлівага дыялогу.

Ты, дарэчы, заўваж: вялікае беларускае начальства, у адрозненне ад расійскага, пра падвалы маўчыць ужо які дзень. Гэта значыць, эксперты стабільнасці, вядома, абураюцца, але начальства маўчыць. Таму што трэба ж асэнсаваць наступствы.

І вось пакуль беларускія ўлады прыходзяць у сябе ад глабальнасці і размаху таго, што яны, аказваецца, тут неспадзявана задумалі, расійскі Пуцін на ўсю моц распавядае, што яго ФСБ змагалася як леў, засцерагаючы саюзніка. А ён жа не проста так распавядае. Ён жа цяпер запатрабуе асобнай падзякі за кожнага выратаванага са склепа хлопчыка, незалежна ад узросту і ступені ўкормленасці.

І добра — падзякі. Што-што, а дзякаваць Крамлю беларускія ўлады навучыліся віртуозна. Горш іншае. Цяпер атрымліваецца, што ад гісторыі пра падвалы самім беларускім уладам ніякай карысці. Таму што раней можна ж было сябе падманваць, што падвалы дапамогуць пра што-небудзь кулуарна пагаварыць з тымі ж амерыканцамі (усё роўна ніякіх размоў не атрымалася б, але спадзявацца ж ніхто не забараняў), а цяпер — усё. Пасля таго надрыўнага піяру, які ўчыніла вакол падвалаў Расія, якія ўжо там кулуарныя размовы?

Так што беларускія красаўцы стараліся, стараліся, а галоўным бенефіцыярам іх старанняў стаў Пуцін. І з Захаду, атрымліваецца, пакпіў, і з саюзніка. А беларускія ўлады атрымалі наўзамен толькі дадатковыя нязручнасці для рэпутацыі і паскарэнне санкцый. Сумнеўны, трэба сказаць, профіт.

Зрэшты, яно заўсёды так бывае, калі красаўцы стараюцца. Таму што красаўцаў жа не цікавяць такія абстрактныя паняцці як інтарэсы краіны і стратэгічныя наступствы.

Дарэчы, памятаеш, я ўчора казаў як беларускі міністр эканомікі пагражаў вонкавым нядобразычліўцам стабільнасці дзесяццю карамі егіпецкімі? Так, мяркуючы па вадаправодным апакаліпсісе, з карамі ён меў рацыю. Толькі з іх адрасатам злёгку памыліўся.