«Нават калі Пуцін псіхане, для фактычнага паглынання Беларусі спатрэбяцца гады»

Наконт сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна шмат у каго існуюць перасцярогі. Нібыта Масква скарыстаецца слабасцю Лукашэнкі і зацісне яго ў кут, і прымусіць здаць незалежнасць.

original_88379c7610387841103d1588e08f607f.jpg


Тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя» разважае пра асцярогі беларусаў напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і піша пра часавыя рамкі мерапрыемстваў, якія павінны прайсці ў межах «саюзнай інтэграцыі».

Усім, хто перажывае з нагоды інтэграцыі да ўзроўню «адна дзяржава» зараз (перажываюць многія):

Пабудаваць ваенную базу — месяцы. Фізічна пабудаваць.

Перайсці на расійскі софт — мінімум паўгода, на практыцы — год і больш, бо патрабуецца поўная уніфікацыя заканадаўства.

Уніфікаваць падатковае, мытнае заканадаўства да ўзроўню 1 у 1 — некалькі гадоў.

Сінхранізаваць бюджэтную палітыку, дзяржкіраванне — гады.

Перапрашыць мазгі большасці, якая гэтага не прымае і будзе заўсёды нелаяльнай — вечнасці не хопіць.

Даціраваць эканоміку, у якой людзі будуць нелаяльныя ў немаленькай краіне, дзе няма рэсурсаў — дорага. Беларусь большая за Чачню ў 5 разоў, большая за Крым у 8 разоў, большая за «ЛНР» і «ДНР» — у 10 разоў.

Абняцца, пацалавацца і зрабіць чарговую дэкларацыю пра вечную дружбу і саюз — не каштуе нічога і займае 5 хвілін эфірнага часу.

Лукашэнка заўсёды фізічна тармазіў фактычную інтэграцыю наколькі мог. Сярод тых, хто яго абараняе да канца і цяпер, нямала засталося тых, хто таксама не прымае ніякага падпарадкавання Маскве.

Аб гэтым варта памятаць і захоўваць спакой. Наш прагноз — будзе шмат пены. Нават калі Пуцін псіхане і пойдзе на радыкальныя крокі пры знешняй лаяльнасці заціснутага ў кут Лукашэнкі, для фактычнага паглынання спатрэбяцца гады. І як толькі кан’юнктура зменіцца, — усё разваліцца з трэскам.

Але супакоіцца — не значыць расслабіцца. Ад унутранай дынамікі залежаць тэрміны спрыяльнага сыходу з гэтай складанай сітуацыі. У горшым сцэнары гэтыя гады могуць паўзучым чынам і прайсці. Любыя рэзкія дзеянні і заявы, нават публічныя, адкрываюць новае акно магчымасцей, з’яўляюцца трыгерам для актывізацыі ўсіх гульцоў унутры і звонку Беларусі.