«Колькасць антыбеларускіх артыкулаў на імперскіх сайтах вырасла ў 2–3 разы»

Трывожную тэндэнцыю заўважылі эксперты EAST Center у новым аналізе расійскіх СМІ.

Скрыншот старонкі East-center.org

Скрыншот старонкі East-center.org

 

Пачынаючы з лістапада, у расійскіх электронных СМІ рэзка вырасла колькасць матэрыялаў, у якіх у негатыўным святле выстаўляецца беларуская культура, ставіцца пад сумнеў незалежнасць краіны, а таксама сцвярджаецца, што ў Беларусі растуць «русафобскія» настроі.

Такія вынікі зрабілі аўтары дакладу «Антыбеларуская дэзінфармацыя ў расійскіх СМІ: тэндэнцыі, асноўныя рысы, супрацьдзеянне», апублікаваным даследчым цэнтрам EAST. Якія расійскія СМІ распаўсюджваюць нэгатыўную інфармацыю наконт Беларусі? Якія тэзісы яны агучваюць і якія мэты пераследуюць? На гэтую тэму мы размаўляем з аўтарамі дакладу — сацыёлагам Веранікай Лапуцькай і палітолагам Андрэем Елісеевым.

Пачынаючы з восені гэтага году цэнтральныя расійскія СМІ пачалі распаўсюджваць інфармацыю пра рост «шавінісцкіх» настрояў у Беларусі, а расійскія інфармацыйныя рэсурсы нацыяналістычнай афарбоўкі ў 2–3 разы павялічылі колькасць публікацый, дзе Беларусь выстаўляецца ў негатыўным святле. Да такіх вынікаў прыйшлі эксперты даследчага цэнтру Eurasian States in Transition (EAST) падчас маніторынгу расійскіх інфармацыйных рэсурсаў, якія факусуюцца на падзеях у постсавецкіх краінах.

Можна вызначыць дзве тэндэнцыі — кажа аналітык EAST Center Андрэй Елісееў. Па-першае, цэнтральныя расійскія тэлеканалы ўпершыню сталі паказваць матэрыялы, у якіх гаворыцца, што «Беларусь ідзе па ўкраінскім шляху». Гэтае клішэ расійскіх дзяржаўных СМІ можна расшыфраваць наступным чынам: «у Беларусі пры падтрымцы Захаду падымае галаву фашызм і русафобія, і неўзабаве можа адбыцца дзяржаўны пераварот».

Па-другое, колькасць прысвечаных Беларусі «аналітычных» матэрыялаў на сайтах такіх інфармацыйных рэсурсаў, як Regnum.ru, павялічылася з 5–7 у жніўні да 16 у лістападзе. І гэтыя матэрыялы носяць адкрыта шавінісцкі характар — кажа Андрэй Елісееў.

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў:

— Мы бачым яўную антыбеларускую кампанію. Матэрыялы з’яўляюцца не эпізадычна, а адзін за адным. Павялічылася колькасць матэрыялаў, у якіх адкрыта ставіцца пад сумнеў беларускі суверэнітэт і цэласнасць Беларусі, гучаць абразлівыя выказванні наконт беларускай мовы, беларускай культуры і носьбітаў беларускай мовы.

Аналітыкі EAST Center пералічылі самыя яскравыя тэзісы, якія агучылі расійскія нацыяналістычныя рэсурсы Regnum.ru, Imperianews.ru, Sputnikipogrom.com і іншыя. У гэтым «хіт-парадзе» знаходзяцца сцвярджэнні, што «беларускай нацыі не існуе — яе ствараюць палякі, каб раз’яднаць расіян», «беларускай мовы не існуе — яе прыдумалі, каб ператварыць расіян у палякаў», а таксама заявы пра тое, што «ў Беларусі дыскрымінуюць рускамоўных».

Гэтыя тэзісы далёка не новыя. Аднак упершыню расійскія прапагандысты пачалі заяўляць, што Беларусь намерана захапіць землі суседніх дзяржаваў — прыняць удзел у «будучым падзеле» Летутвы, Латвіі і Украіны, кажа сацыёлаг Вераніка Лапуцька.


 

Вераніка Лапуцька. Фота са старонкі ў Facebook

Вераніка Лапуцька. Фота са старонкі ў Facebook


Вераніка Лапуцька:

Навінкай з’яўляецца заява пра тое, што Беларусь можа адабраць землі ў сваіх еўрапейскіх суседзяў — у першую чаргу ў краінаў Балтыі. Гэтая ідэя дапаўняе іншы тэзіс расійскай прапаганды — пра тое, што хутка распадзецца Еўрапейскі саюз, і можна будзе перакраіць тэрыторыю некаторых яго сябраў.

На публікацыі шавінісцкіх артыкулаў улады ў Мінску адказалі хутка і даволі жорстка. Спачатку Міністэрства інфармацыі Беларусі накіравала ліст да спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве. А 6–9 снежня беларускія ўлады арыштавалі трох публіцыстаў, якія працавалі на агенцтва REGNUM і сайт Eurasia Daily.

Пакуль цяжка сказаць, ці спыніць жорсткі адказ Менска распаўсюд скіраванай супраць Беларусі інфармацыі на цэнтральных расійскіх СМІ. На расійскіх нацыяналістычны сайтах антыбеларускія публікацыі працягваюцца. Іх аўтары крытыкуюць не толькі беларускае кіраўніцтва, але і пачынаюць абурацца на адсутнасць адказу з боку Крамля — зазначае Вераніка Лапуцька.

Амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў назваў арыштаваных аўтараў агенцтва REGNUM «радыкальнымі» і даў зразумець, што Расія не збіраецца іх падтрымліваць. Нягледзячы на тое, што афіцыйныя ўлады адхрысціліся ад публіцыстаў REGNUM і Eurasia Daily, назваць гэтыя рэсурсы маргінальнымі і нязначнымі нельга — падкрэслівае Вераніка Лапуцька.

Вераніка Лапуцька кажа:

Адносна менш вядомы расійскі сайт Eurasia Daily збірае па 400 тысячаў наведвальнікаў штодзённа. Больш вядомае агенцтва Regnum.ru збірае да 1 мільёна 200 тысяч наведвальнікаў дзённа. Іх цяжка назваць маргінальнымі і неўплывовымі.

Любая негатыўная інфармацыйная кампанія ў расійскіх СМІ нясе сур’ёзную пагрозу Беларусі — лічаць эксперты EAST Center. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што беларускія грамадзяне давяраюць расійскім СМІ больш, чым беларускім дзяржаўным і недзяржаўным мас-мэдыя.

Адной з прычынаў хвалі антыбеларускіх матэрыялаў у расійскіх СМІ можа быць пагаршэнне эканамічных адносінаў паміж Мінскам і Масквой — лічыць даследчык EAST Center Андрэй Елісееў. Не выключана, што расійскія СМІ атрымалі негалосны дазвол на распаўсюджанне негатыўнай інфармацыі, каб націснуць на кіраўніцтва Беларусі. З іншага боку, інфармацыя, якую распаўсюджваюць расійскія нацыяналістычныя сайты, адпавядае настроям унутры самой Расіі — лічыць эксперт. У расійскай публічнай прасторы ўжо даўно дамінуе перакананне, што краіна аточаная ворагамі і здраднікамі і можа выжыць, толькі дэманструючы жорсткую сілу.

Аляксандар Папко, www.radyjo.net