Краіны Балтыі заклікаюць да пашырэння санкцый супраць беларускага рэжыму праз арганізацыю нелегальнай міграцыі
Прэм'еры краін Балтыі заклікалі пашырыць сектаральныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі і ўвесці санкцыі за арганізацыю патоку нелегальнай міграцыі ў ЕС.

Фота lrv.lt
Прэм'ер-міністры Эстоніі, Латвіі і Літвы выпусцілі сумесную заяву з заклікам да Рады ЕС пашырыць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі.
А таксама ўвесці новыя санкцыі накіраваныя на ўсе бакі, якія ўдзельнічаюць у патоку нелегальнай міграцыі ў ЕС.
«У сувязі з імклівым пагаршэннем сітуацыі на знешняй мяжы ЕС неабходна даць хуткі, рашучы адказ беларускаму рэжыму, а таксама ўзмацніць дыпламатычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку Літвы з боку інстытутаў ЕС. Перамовы ЕС з краінамі паходжання нелегальнай міграцыі надзвычай важныя», — гаворыцца ў сумеснай заяве прэм'ер-міністраў краін Балтыі.
У заяве ўтрымліваецца заклік да Рады ЕС і партнёраў распаўсюдзіць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі на рэжым Беларусі і ўвесці новы рэжым санкцый для ўсіх тых, хто спрыяе выкарыстанню падтрымоўваных дзяржавай плыняў нелегальнай міграцыі.