Лешэк Шарэпка: Беларусь выратуе толькі прага перамен самога народа

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка прадставіў у Беластоку сваю чарговую кнігу пад правакацыйнай назвай «Беларускі снайпер».

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка

З аўтарам кнігі, гісторыкам Лешэкам Шарэпкам «Радыё Рацыя» паразмаўляла пра тое, дзе шукаць выйсце і вакол каго беларусы змогуць згуртавацца надалей, а таксама пра ролю ва ўсім гэтым Расіі.

— Вы як аўтар кніжкі пра беларускага снайпера як думаеце, ці сапраўды гэта актуальна, ці сапраўды цяпер снайпер можа вырашыць праблему Беларусі?

— Гэта правакацыйнае пытанне. Я не разважаю ў гэтым кантэксце. Кніга атрымала такую назву, бо адзін з галоўных герояў гэтай кнігі — снайпер па прафесіі.

— У нас у Беларусі даўно жыве гэты міф, што сапраўды толькі снайпер можа дапамагчы. Ці нехта іншы можа дапамагчы? Еўропа? ЗША, напрыклад?

— Перадусім трэба думаць пра грамадскае меркаванне. Калі значная большасць людзей у Беларусі будзе прагнуць перамен, то гэта атрымаецца, не трэба ніякага снайпера.  

— А ці варта ім спадзявацца на нейкую палітыку Еўропы? Напрыклад, цяпер будзе мяняцца канцлер у Нямеччыне. Ці гэта адыграе сваю ролю адносна Беларусі з боку Еўропы?

— Цяпер спрабуюць дапамагчы. Робяць санкцыі, робяцца спробы паўплываць на Расію. Нядаўна канцлерка Меркель і Пуцін размаўлялі пра Беларусь. Пра тое, каб Лукашэнка паводзіў сябе больш цывілізавана. Так што спрабуюць. Але вы ведаеце, Еўропа — гэта такі кангламерат інтарэсаў шматлікіх краін, якія не заўсёды ў стане дамовіцца паміж сабой.

Поспех ужо ў тым, што яны дамовіліся разам увесці санкцыі і адназначна асудзіць дзеянні рэжыму. Але наколькі далёка гэта можа зайсці і наколькі гэтыя дзеянні будуць рашучымі, мне цяжка сказаць.

Паводле «Беларускага Радыё Рацыя»