Лідар АГП: Нямцоў лічыў Беларусь часткай Еўропы і раіў дыстанцыравацца ад Расіі

Барыс Нямцоў лічыў Беларусь еўрапейскай дзяржавай і раіў дыстанцыравацца ад Расіі, заявіў БелаПАН лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, дзелячыся ўспамінамі аб расійскім апазіцыйным палітыку.



100_5720_1__logo.jpg

Барыс Нямцоў у офісе АГП падчас падпісання дамовы аб супрацы паміж АГП і РПР-ПАРНАС 24 красавіка 2013 года. Фота Генадзя Кеснера
Вядомы палітык і дзяржаўны дзеяч, дэпутат Яраслаўскай гарадской думы Барыс Нямцоў быў забіты ў ноч на 28 лютага ў цэнтры Масквы некалькімі выстраламі з пісталета.
"Барыс Нямцоў быў адным з нямногіх расійскіх палітыкаў, які гаварыў, што Беларусі трэба дыстанцыравацца ад Расіі", — паведаміў БелаПАН Анатоль Лябедзька. 
"Нямцоў гаварыў, што Беларусь — еўрапейская дзяржава, якая павінна быць незалежнай і суверэннай. Гэта была вельмі рэдкая ацэнка сітуацыі з вуснаў расійскага палітыка. Ён мне чымсьці нагадваў Віктара Ганчара: такі ж крыху бесшабашны, але ў той жа час сістэмны і паслядоўны", — адзначыў Лябедзька. 
На яго думку, асноўнай версіяй забойства Нямцова трэба лічыць палітычную. "Яна звязана з яго дзейнасцю як федэральнага палітыка, так і працай у рэгіёнах, у прыватнасці ў Яраслаўскай думе", — мяркуе лідар АГП. 
Лябедзька адзначыў, што цяпер у Расіі "створана такая атмасфера страху і псіхозу, што неабавязкова ўладзе самой націскаць на спускавы курок, гэта могуць зрабіць іншыя". "Сітуацыя вакханаліі, якую мы бачым на расійскім тэлебачанні, у звычайным жыцці прыводзіць да таго, што чалавечае жыццё каштуе не вельмі дорага", — падкрэсліў ён. 
Палітык адзначыў, што Барыс Нямцоў быў адным з найбольш жорсткіх і паслядоўных апанентаў Пуціна. "Ён вядомы як аўтар шэрагу скандальных дакументаў, брашур аб карупцыі ў Расіі, якія разышліся вялікім накладам і балюча ўспрымаліся ўладамі. Нямцоў быў праўкраінскім, празаходнім палітыкам, што ўжо стварае канфлікт. Сам ён з усмешкай успрымаў ініцыятывы, якія з'яўляліся ў розных рэгіёнах Расіі аб тым, каб яго выдварыць з краіны. Ён гаварыў, што яму пагражаюць, што ўсё можа быць, але яго не прымусяць пакінуць Расію. Гэта была яго прынцыповая пазіцыя", — сказаў Лябедзька. 
Нямцову было 55 гадоў. У 1990-я гады ён працаваў губернатарам Ніжагародскай вобласці і першым віцэ-прэм'ерам урада РФ. З'яўляўся адным з самых жорсткіх крытыкаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. 
У красавіку 2002 года Нямцоў у якасці старшыні палітсавета Саюза правых сіл, кіраўніка фракцыі СПС у Дзярждуме наведаў Мінск, дзе падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з Аб'яднанай грамадзянскай партыяй. Яшчэ адно пагадненне з АГП ён падпісаў у красавіку 2013 года як сустаршыня Рэспубліканскай партыі Расіі — Партыі народнай свабоды (РПР-ПАРНАС). 
У ліпені 2002 года палітык заклікаў да датэрміновага спынення паўнамоцтваў Лукашэнкі. У кастрычніку таго ж года разам з дэпутатам Дзярждумы Ірынай Хакамадай быў затрыманы ў мінскім аэрапорце і дэпартаваны з Беларусі, на працягу пяці гадоў яму было забаронена наведваць краіну. 
У снежні 2010 года Нямцоў заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі "татальна фальсіфікаваныя". У ліпені 2013 года заклікаў да байкоту чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску з-за наяўнасці палітзняволеных. Нямцоў таксама скептычна ставіўся да магчымасці рэалізацыі мінскіх дамоўленасцей аб урэгуляванні сітуацыі на Данбасе.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН