Літва ацэньвае магчымасць ініцыяваць міжнародны суд над Лукашэнкам

Урад Літвы ацэньвае магчымасць ініцыяваць міжнародны судовы працэс супраць Аляксандра Лукашэнкі з-за абыходжання з мігрантамі, пацвердзіў у пятніцу міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


"Наколькі я ведаю, першыя дыскусіі аб стварэнні такой рабочай групы ва ўрадзе ўжо пачаты, інстытуцыі пачалі дыялог. Я хачу падкрэсліць, што гэта рабочая група, якая дасць ацэнку, як гэты працэс трэба развіваць далей, мы гаворым яшчэ не пра зварот, а пра ацэнцы магчымасці такога звароту", — сказаў журналістам Ландсбергіс.
Кіраўнік літоўскай дыпламатыі так адказаў на пытанне, ці пачала Літва рабіць фармальныя крокі з мэтай зладзіць міжнародны суд над Лукашэнкам.
На пытанне, ці бачыць яна падставу для гэтага, міністр адказаў: "Палітычна — так, але тут слова за юрыстамі".
На пытанне, у сувязі з якімі канкрэтна дзеяннямі можна было б ініцыяваць працэс над Лукашэнкам, Ландсбергіс адказаў, што гэта заўчаснае пытанне.
"Некалькі заўчаснае пытанне, бо зварот можа быць як адносна самога Лукашэнкі, так і адносна рэжыму, можна падаць (у суд) на дзяржаву, я ведаю, што дыскусіі толькі пачаліся. Будзе дадзеная прафесійная ацэнка ўсім магчымасцям з прыцягненнем міжнародных экспертаў", — сказаў міністр, пацвердзіўшы пры гэтым, што верагодныя доказы ў справе юрыдычна дакументуюцца.
Старшыні камітэтаў парламентаў Літвы і яшчэ 16 краін Еўропы два тыдні таму звярнуліся да кіраўніцтва Еўрапейскага саюза (ЕС) і НАТА з прапановай ініцыяваць міжнародны судовы працэс супраць Лукашэнкі. Кіраўнікі камітэтаў, якія курыруюць пытанні еўрапейскай палітыкі, прапануюць перадаць справу Беларусі ў Міжнародны суд справядлівасці, бо, на іх думку, рэжым Лукашэнкі парушыў міжнародную Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.
Вільня абвінавачвае мінскі рэжым у арганізацыі міграцыйных плыняў і называе гэта гібрыднай агрэсіяй. У сувязі з гэтым у Літве была аб'яўлена экстрэмальная сітуацыя. Паколькі на мяжы Беларусі з Польшчай сабралася вялікая колькасць нелегальных мігрантаў, Сойм увёў на прыгранічных тэрыторыях Літвы надзвычайнае становішча на месяц.
Паводле delfi.lt