Лукашэнка карае чыноўнікаў, каб зняць віну з сябе

Разнос на ферме «Сліжы» стаў падставай, а не прычынай гучных адставак чыноўнікаў, лічаць аналітыкі.

luka_4.jpg

Скандал з умовамі ўтрымання кароў на ферме малочна-таварнага комплексу «Сліжы» быў нагодай, а не прычынай гучных адставак чыноўнікаў. Такое меркаванне выказалі БелаПАН аналітыкі, каментуючы зняцце з пасад шэрагу чыноўнікаў.
Наведваючы 26 сакавіка комплекс «Сліжы», які належыць прадпрыемству «Амкадор-Шклоў», што ўваходзіць у структуру аграхолдынга «Купалаўскі», Аляксандр Лукашэнка абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў і адсутнасцю парадку. Ён даручыў зняць з пасад усіх вінаватых у неналежных умовах гаспадарання ў аграхолдынгу «Купалаўская» і распачаць па фактах безгаспадарлівасці крымінальныя справы.
На наступны дзень Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асобаў прадпрыемстваў «Амкадор-Шклоў» і «Купалаўскі».
У той жа дзень Лукашэнка зняў з пасадаў віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, які курыраваў АПК (займаў гэтую пасаду з 2012 года), міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца (з 2012-га), а таксама старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага (з 2014 года).
Каментуючы сітуацыю, эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (Мінск) Валерый Карбалевіч адзначыў, што «піяр у палітыцы Лукашэнкі — гэта пастаянная рэч і перад выбарчай кампаніяй, і паміж кампаніямі».
«Любыя яго дзеянні ёсць піярам, як, уласна кажучы, у любога палітыка, — дадаў Карбалевіч. — Калі казаць пра тое, з чым звязаныя гэтыя адстаўкі, то, я думаю, гэта працяг тых падзей, якія пачаліся ў Оршы ў мінулым годзе, калі фактычна памяняўся ўвесь блок урада акрамя Русага і Зайца. Лукашэнка, дарэчы кажучы, патлумачыў, чаму ён тады іх не зняў: маўляў, быў дрэнны год, неўрадлівы, дрэнныя кліматычныя ўмовы, таму ён дараваў гэтым людзям, якія адказваюць за сельскую гаспадарку. А зараз прыйшоў час памяняць і іх».
На думку аналітыка, падзеі ў «Сліжы» сталі толькі падставай. «Упэўнены, што разнос на ферме — гэта менавіта нагода, а не прычына для адставак, як і адстаўка эканамічнага блока ўрада ў мінулым годзе, — падкрэсліў Карбалевіч. — І, дарэчы, не ў першы раз ужо Лукашэнка выкарыстоўвае нейкую падставу, каб адправіць у адстаўку людзей, якія па нейкіх прычынах яго не задавальняюць. Гэта такі палітычны стыль Лукашэнкі».
Дырэктар па даследаваннях аналітычнага цэнтра EAST (Варшава) Андрэй Елісееў звярнуў увагу на тое, што з урада прыбраныя тыя чыноўнікі, якія заставаліся там пасля жнівеньскай чысткі.
«Акрамя таго, гэта быў такі піяр у рамках прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, якую Лукашэнка ўжо пачаў», — лічыць палітолаг.
Паводле яго слоў, ад разносу на ферме «было адчуванне загадзя падрыхтаванага спектакля». «Беларускія СМІ рабілі раней рэпартажы пра стан рэчаў у некаторых гаспадарках і фермах, дзе ўсё нашмат горш, але за гэтым не йшлі такія высокапастаўленыя адстаўкі. Так што гэта ўсё было нарыхтавана загадзя», — сказаў Елісееў.
У той жа час ён нагадаў, што нядаўна партал TUT.by публікаваў матэрыялы аб цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчы, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці.
«Матэрыялы былі вельмі папулярныя, удастоіліся вялікай увагі грамадскасці. Там як раз адно з скандальных адкрыццяў было пра шматмесячныя затрымкі зарплаты ў сельскай мясцовасці і гэтак далей. На мінулым тыдні былі вынесеныя вымовы спачатку кіраўнікам гэтых рэгіёнаў, а на гэтым тыдні быў працяг. Напэўна, Лукашэнку здалося недастатковым рашэнне пра вымову, таму вырашыў працягнуць адстаўкамі ў рамках такога разносу на ферме», — адзначыў палітолаг.
Елісееў не выключае далейшых звальненняў. «Такія рэчы складана прагназаваць, але калі, умоўна кажучы, здарыцца нешта рэзананснае ў нейкай сферы, то Лукашэнка можа на гэта адрэагаваць новымі адстаўкамі — гэта найбольш бачны папулісцкі крок у адказ на рэзананснае падзея», — адзначыў Елісееў.
«Падобныя меры — гэта спроба паказаць насельніцтву, што не Лукашэнка вінаваты ў праблемных сітуацыях, а вінаватыя іншыя чыноўнікі. Лукашэнка такім чынам сваімі рашэннямі аб адстаўцы паказвае, што нібыта ён быў не ў курсе таго, што адбываецца, што не выконваліся яго рашэнні, таму віна цалкам перакладаецца на чыноўнікаў, якіх ён карае», — сказаў палітолаг.
Паводле naviny.by