«Лукашэнка міргануў першы». Віталь Цыганкоў — пра вызваленне палітвязняў

Як бы афіцыйны Мінск ні рабіў бадзёры выгляд, як бы ягоныя штатныя і пазаштатныя прапагандысты ні спявалі мантру на тэму «нас санкцыянуюць, а мы толькі мацнеем», — відавочна, што гэтым разам «неразваротлівы» Еўрасаюз усур’ёз раззлаваўся і вырашыў паставіць Лукашэнку на месца, піша журналіст Віталь Цыганкоў на «Свабодзе».

60237ba402e8bd60580921d4.jpg

Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 13 палітвязняў. Натуральна, што гэты сімвалічны крок нельга называць ані «пачаткам вызвалення палітвязняў», ані «істотным крокам да перамоваў». Для ацэнкі мізэрнасці гэтай лічбы дастаткова сказаць, што ў гэты ж дзень, 15 верасня, праваабаронцы прызналі новымі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек. І іхная колькасць павялічваецца штодня.

Але цяпер відавочна, што беларускі рэжым на ўсіх узроўнях — ад прапагандысцкага да дыпламатычнага — будзе прадстаўляць гэты крок, гэтае вызваленне 13 чалавек як акт вялікага гуманізму і праяву добрай волі. Маўляў, «мы зрабілі першы крок — рабіце цяпер і вы крокі ў адказ». Гэта ж дыпламатыя, так рабілася тысячу гадоў — крок у адказ на крок, няўжо вы плюнеце ў працягнутую вам руку, няўжо не заўважыце нашых добрых намераў?

Даўно было адзначана, што апошні год процістаянне Лукашэнкі з Захадам (ці, правільней будзе сказаць, з усім цывілізаваным светам) адбывалася паводле прынцыпу лабавой атакі і падвышэння ставак. Маўляў, я пачну рэпрэсіі, і мне пляваць на вашую думку. Вы ў адказ на рэпрэсіі ўводзіце санкцыі? Я буду толькі ўзмацняць рэпрэсіі. Вы павялічваеце санкцыі? Я пасаджу самалёт і пачну міграцыйны крызіс. Так сказаць, старая гульня: «хто міргане першым, той і прайграў».

Аналітыкі адзначалі, што такая гульня на падвышэнне ставак не можа трываць вечна, узровень негатыўных наступстваў ад такога процістаяння не можа ўзрастаць бясконца. Пры гэтым відавочна, што гэтыя негатыўныя наступствы размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна — шкода Еўрасаюзу ад беларускіх дзеянняў ніяк не параўнальная з той шкодай для беларускага рэжыму, якую могуць прынесці эканамічныя санкцыі, калі яны запрацуюць на ўсю моц. Не лішнім будзе нагадаць, што ВУП ЕС у 400 разоў большы за ВУП Беларусі.

Як бы афіцыйны Мінск ні рабіў бадзёры выгляд, як бы ягоныя штатныя і пазаштатныя прапагандысты ні спявалі мантру на тэму «нас санкцыянуюць, а мы толькі мацнеем», — відавочна, што гэтым разам «неразваротлівы» Еўрасаюз усур’ёз раззлаваўся і вырашыў паставіць Лукашэнку на месца. Пасля нейкай паўзы і раскачкі ЕС са здзіўленнем запытаўся: «Вы хочаце сценка на сценку? Ну, давайце паглядзім, чыя сценка мацнейшая».

Магчыма, да тых людзей, якіх прынята называць «афіцыйным Мінскам», гэта дайшло. І Лукашэнка — які, дарэчы, насуперак агульнапрынятай думцы, здольны на вельмі рацыянальныя палітычныя крокі (калі абставіны яго вымушалі — і палітвязняў вызваляў, і рабіў іншыя непрыемныя для яго асабіста дзеянні), — магчыма, гэта зразумеў.

І міргануў першы.