Лукашэнка ўпершыню за 12 гадоў прызначыў амбасадара Беларусі ў ЗША

Аляксандр Лукашэнка прызначыў амбасадараў у Злучаныя Штаты Амерыкі, Аўстрыю, Велікабрытанію, Казахстан і Нідэрланды, перадае «Радыё Свабода».

Новы амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка

Новы амбасадар Беларусі ў ЗША Алег Краўчанка

Кіраўніком дыпламатычнай місіі Беларусі ў ЗША будзе цяперашні намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
Гэтая пасада заставалася вакантнай на працягу 12 гадоў, пасля таго як на патрабаванне афіцыйнага Мінска са сталіц дзвюх краін адлікалі амабасадараў. Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў на пасаду амбасадара ў Беларусі намесніцу памочніка дзяржсакратара ў справах Еўразвязу Джулі Фішэр.
Аб аднаўленні дыппрадстаўніцтваў на ўзроўні амбасадараў у Мінску і Вашынгтоне было заяўлена летась, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хэйлам.
Тым часам Дзяржаўны дэпартамент ЗША выказаў глыбокую занепакоенасць паведамленнямі пра затрыманні мірных актывістаў і журналістаў. ЗША лічаць надзвычай важным забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх, хто хоча прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Нідэрландах стане першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.
Намеснік міністра Андрэй Дапкюнас прызначаны амбасадарам у Аўстрыю. Акрамя таго, па сумяшчальніцтве ён зойме пасаду пасла ў Славеніі і стане пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене і пры Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ).
Былы міністр прамысловасці Павел Уцюпін стане амбасадарам Беларусі ў Казахстане, а экс-міністр фінансаў Максім Ермаловіч — у Злучаным Каралеўстве Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.
svaboda.org