Макей адказаў аматарам папляткарыць і перамыць костачкі: Філіп Кіркораў — мой сябра

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адказаў на хайп у інтэрнэце вакол выступу Філіпа Кіркорава на творчым вечары Веры Паляковай-Макей з нагоды яе дня нараджэння, піша Наша Ніва

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

 Адказ змешчаны ў фэйсбуку МЗС.
«Паважаныя спадары, сябры, заўсёднікі форумаў, аматары папляткарыць і паперамываць костачкі… У сувязі з візітам Філіпа Кіркорава ў Мінск успамінаецца выдатная фраза Міхаіла Жванецкага: «Я настолькі нізка ўпаў, што дыскрэдытаваць мяне немагчыма».
Я не звяртаў бы ўвагі на паведамленні, звязаныя з прыездам Філіпа Кіркорава ў Мінск, калі б гэта тычылася толькі мяне. Але гаворка ідзе аб маёй сям'і і аб цэбрах бруду, да таго ж па-невуцку напісаных.
Мы ўсе, напэўна, ужо настолькі нізка палі, што не можам верыць у нармальныя чалавечыя адносіны, сяброўства, прыстойнасць, шчырасць. Для ўсіх троляў, канспіралогіі і вынаходнікаў плётак паведамляю: мяне з Філіпам звязвае даўняе сяброўства яшчэ з пачатку 2000-х гадоў. Дзеці нашыя пазнаёміліся ў гэтым годзе і знаходзяцца ў пастаяннай перапісцы. Жаданне пабываць на творчым вечары жонкі выказаў сам Філіп, за што я яму бясконца ўдзячны. Знаходжанне ў Мінску аплачваў сам Філіп. І калі вы думаеце, што ён усё вымярае грашыма, то вы глыбока памыляецеся. У адрозненне ад многіх творчых асоб, у каго на першым месцы меркантыльныя рэчы, для яго паняцці таварыства і шчырай дружбы таксама многае значаць. Так, павінен прызнаць, што подкуп Філіпа з нашага боку быў. Ён і суправаджаючыя яго асобы не плацілі за квіткі на творчы вечар, а прыйшлі па запрашальных. Гэта ажно 60 рублёў або 30 даляраў. Больш за тое, мы павячэралі з ім, а назаўтра яшчэ і папілі кавы, калі каго гэта цікавіць. Больш за тое, ён яшчэ назаўтра ўвечары прыйшоў па запрашальных на спектакль.
Што тычыцца версій пра мае асабістыя пералёты на асабістых самалётах з Германіі і назад, то параіў бы паглядзець на адпаведны графік працы на сайце МЗС.
Няўжо камусьці сапраўды дастаўляе задавальненне балюча скубнуць іншага, закляйміць яго ганьбай, абылгаць, не спрабуючы нават атрымаць хоць каліва праўды? Калі гэта сапраўды сёння дамінантная рыса ў нашым менталітэце, то трэба прызнаць, што ўсе мы сур'ёзна хворыя…»