Максім Знак выходзіць з галадоўкі
Адвакат Максім Знак, які абвясціў галадоўку ў СІЗА № 1, паступова аднаўляе прыём ежы, распавёў TUT.BY абаронца Дзмітрый Лаеўскі.
Сёння першы раз пасля выходных абаронцы наведалі Максіма Знака ў СІЗА. Па іх словах, яшчэ да выходных ён адчуў вялізную хвалю падтрымкі — пачынаючы з таго, як падтрымалі калегі-адвакаты, падаўшы дзясяткі хадайніцтваў аб асабістай паруцы і прыйшоўшы ў суды абедзвюх інстанцыяў, і заканчваючы вялікай колькасцю каментароў, зваротаў і лістоў людзей, у тым ліку раней асабіста не знаёмых са Знакам.
— Такая колькасць добрых слоў уражвае. Яго мужны ўчынак заўважылі, гэта зробіць унёсак у зацвярджэнне значнасці права ў грамадстве. У выхадныя Максім пачаў падрыхтоўку да выхаду з галадоўкі. Сёння ў СІЗА прынятая медыцынская перадача з падтрымліваючымі сродкамі. Цяпер Максім паступова аднаўляе прыём ежы. Падрабязнасці ён раскажа сам, калі будзе вызвалены. Мы спадзяемся, што гэта адбудзецца хутка. Ён выказвае ўсім велізарную падзяку і пацвярджае рашучасць, жаданне і гатоўнасць далей працаваць і змагацца, — распавёў Дзмітрый Лаеўскі.
Нагадаем, Максім Знак быў затрыманы 9 верасня і знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. 18 верасня яму было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса. У знак нязгоды з абвінавачваннямі адвакат абвясціў галадоўку.
За тыдзень галадоўкі Знак схуднеў на 6 кілаграмаў, у асобных аналізах ў яго было выяўлена разыходжанне з нормай.