МХД прапануюць БРСМ адмовіцца ад дзяржфінансавання

Аргкамітэт па стварэнні ГА "Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты" даслаў зварот на імя першага сакратар ЦК ГА "БРСМ" Ігара Бузоўскага.



brsm.jpg

У звароце нагадваецца, што 4 красавіка на адкрыцці Рэспубліканскага моладзевага інтэрнэт-форуму ён заявіў, што "БРСМ ўзмацніў працу ў сацыяльных сетках, блогасферы, на форумах незалежных інтэрнэт-рэсурсаў" з мэтай фармавання "ў віртуальнай прасторы пазітыўнага стаўлення да працэсаў, што адбываюцца ў сферы палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця краіны".

Разам з тым, адзначаюць МХД, замест інтэрнэт-тролінгу БРСМ мог палепшыць стаўленне грамадзян да тых, працэсаў, што адбываюцца ў краіне, адмовіўшыся цалкам ад дзяржаўанага фінансавання.

Так, у лісце падкрэсліваецца, што толькі ў 2014 годзе толькі з бюджэту Менска і толькі на менскую гарадскую арганізацыю БРСМ плануецца вылучыць 707,332 млн рублёў, ці больш за 70 тыс. даляраў. Атрымліваюць з мясцовых бюджэтаў сродкі і іншыя рэгіянальныя структуры БРСМ. "Сродкі ж вылучаемыя з рэспубліканскага бюджэту на дзейнасць БРСМ у разы большыя. Праўда, у апошнія часы гэтыя лічбы засакрэчаныя, хаця і вядома, што фінансаванне БРСМ за кошт падаткаў грамадзянаў працягнута да 2015 году", — нагадваюць МХД.

Тым не менш, заяўляюць Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, лічбы, якія раней былі ў адкрытым доступе, дазваляюць казаць пра вялікія сродкі, якія ідуць з дзяржбюджэту на фінансаванне БРСМ. Так, у 2005 годзе ягы склалі 5,26 млрд рублёў (2,42 млн даляраў па стане на 1 студзеня 2005 года), у 2006-м — 7,74 млрд (3,6 млн даляраў на 1 студзеня 2006 года), 2007-м — 10,15 млрд (4,7 млн даляраў), 2008-м — 13,12 млрд (6,1 млн даляраў), 2009-м - 17,54 млрд (7,97 млн даляраў), 2010-м — 14,8 млрд (5,17 млн даляраў), 2011-м — 20,5 млрд (6,83 млн даляраў).

"Прапануем вам праявіць грамадскую свядомасць і адмовіцца ад фінансаваня як за кошт дзяржаўнага бюджэту, так і за кошт мясцовых бюджэтаў, а вызваленыя сродкі ў гэты цяжкі для нацыянальнай эканомікі час скіраваць на разнастайныя сацыяльныя праекты", — гаворыцца ў звароце МХД.

Прэсавая служба БХД