Мікалай Дзядок: Не выключаю, што супраць анархістаў рыхтуецца правакацыя
Прадстаўнік анархісцкага руху і былы палітвязень Мікалай Дзядок пракаментаваў публікацыю ў дзяржаўных СМІ пра анархістаў.
Днямі ў газеце «СБ: Беларусь Сегодня»
быў надрукаваны артыкул «Анархія — маці небяспечнай смуты», які затым
перадрукавалі і некаторыя іншыя дзяржаўныя СМІ. Па просьбе нейкага чытача
выданне распавяло пра такую «сучасную
з’яву, як анархісты».
Мікалай Дзядок адзначыў:
— Па-першае, што кідаецца ў вочы пры прачытанні гэтага матэрыялу, — стыль падачы. На двары 2017 год, а пішуць яны, як быццам у брэжнеўскія часы, дзе на пытанне «трудящихся» дае адказ клапатлівая і мудрая рэдакцыя. Па-другое — поўная бяздоказнасць напісанага. Прыводзяцца нейкія сумы ў далярах, але адкуль яны ўзятыя? Адкуль «смажаныя факты» пра падпалы, паездкі ў Кіеў, нейкія фонды, якія спансіруюць анархістаў? Ніякіх доказаў я не ўбачыў. Калі ўжо і хацелі правесці нармальнае журналісцкае расследаванне, то ўзялі б каментарый у розных бакоў канфлікту. У такім выпадку неабходны дакументы, сведкі, відэазапісы, аўдыёзапісы, выбудоўваецца нейкі лагічны ланцужок. Нічога гэтага няма. Зрэшты, напэўна, і не было мэты пераканаць адэкватнага чалавека.
— Тады што ставілася на мэту?
— Хутчэй за ўсё, трэба было як мага хутчэй «зляпіць пасквіль», у які паверыць чалавек з нізкім узроўнем крытычнага мыслення. Калі прааналізаваць сітуацыю, то звяртае на сябе ўвагу сістэматычнасць атак на анархістаў з боку дзяржпрапаганды. За тыдзень — два фільмы і артыкул у цэнтральнай газеце, які растыражавалі ўсе раёнкі ў рэгіёнах. Гэта выразная спроба адсекчы радыкалаў ад пратэстаў. Маўляў, «народ добры, адмарозкі — дрэнныя». Яны хочуць пасеяць недавер да анархістаў з боку простых людзей. Аднак не думаю, што гэта адбудзецца. Я быў на маршы 17 лютага і памятаю, з якой зацікаўленасцю і імпэтам людзі слухалі прамовы анархістаў, бралі ўлёткі, як адбівалі ад АМАПаўцаў тых, каго спрабавалі затрымаць. Маладзёны ў чорным і з маскамі на тварах і радыкальнымі лозунгамі сёння ў людзей выклікаюць больш даверу, чым міліцыя і чыноўнікі.
— Але ж у аповядах пра анархісцкі рух былі і нейкія факты…
— Казкі пра «траціл у заплечніку» і крыважэрных анархістаў могуць быць «артылерыйскай падрыхтоўкай» напярэдадні нейкай правакацыі супраць іх. Не здзіўлюся, калі на нейкім масавым мерапрыемствы могуць задумаць які-небудзь агідны ўчынак ад імя анархістаў. А ўвогуле, ужо каторы год дзяржаўныя СМІ не могуць выдумаць нешта новае, каб ачарніць актывістаў і пратэстоўцаў. І нават, калі гаворка ідзе аб анархісцкім руху, які па-свойму ўнікальны, шаблон у іх ранейшы: «адмарозкі», «заходнія грошы», «хочуць як ва Украіне». Можна было б ужо прыдумаць нешта новае, але, відаць, за крэатыўнасць там не даплачваюць…
Паводле Беларускае Радыё Рацыя