Міліцыя лічыць «Народны рэферэндум» масавым мерапрыемствам

У Мінску затрыманы за нібыта падрыхтоўку масавага мерапрыемства зборшчык подпісаў за «Народны рэферэндум», сябра Руху «За Свабоду» Уладзіслаў Кашалёў.



narref.jpg

«Гісторыя пачалася ўвечары 28 кастрычніка, калі Кашалёў быў затрыманы ў інтэрнаце аднаго з ПТВ пад час збору подпісаў за «Народны рэферэндум» намесніцай дырэктара па выхаваўчай працы і кіраўніцай «Белай Русі» навучальнай установы Зінаідай Казлоўскай», — распавёў сайту Pyx.by першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» і адзін з лідараў кампаніі «Народны рэферэндум» Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, намесніца дырэктара адабрала ў зборшчыка падпісныя аркушы, часткова парвала і выклікала міліцыю, аднак Уладзіслаў не стаў чакаць нарада і сышоў.

«Сёння прадстаўнікі «Народнага рэферэндуму» — я і Андрэй Дзмітрыеў — з журналістам БелаПАНу накіраваліся ў ПТВ. Мы паспрабавалі патлумачыць Зінаідзе Казлоўскай незаконнасць ейных дзеянняў, аднак у выніку яна зноў выклікала міліцыю», — дадаў Губарэвіч.

Уладзіслаў Кашалёў і Юрась Губарэвіч былі дастаўленыя ў Партызанскі РУУС. «Спачатку аформілі тлумачэнне, запыталіся пра прыналежнасць, я патлумачыў, што Уладзіслаў – сябра Руху «За Свабоду». Давялося ехаць па ўстаноўчыя дакументы, калі вярнуўся, намеснік начальніка РУУС Альшэўскі заявіў, што яны бачаць у дзеяннях зборшчыка склад правапарушэння», — патлумачыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

З ягоных словаў, міліцыянты палічылі, што рэферэндум – гэта масавае мерапрыемства, таму зборшчык вінаваты ў арт. 23.34 (падрыхтоўка правядзення масавага мерапрыемства) КоАП. «Я патлумачыў, што мы дзейнічаем у межах закону «Аб зваротах грамадзянаў», і такая дзейнасць абсалютна не забароненая», - патлумачыў Губарэвіч, дадаўшы, што «Уладзь затрыманы і будзе дастаўлены ў суд».

Суд, па ягоных словах, пройдзе сёння.

«У міліцыі спрацаваў «хапальны рэфлекс». Шараговыя міліцыянты нам увогуле сказалі, што ў іх ёсць устаноўка затрымліваць усіх, хто займаецца не толькі зборам подпісаў, але і распаўсюдам улётак», — сказаў Юрась Губарэвіч. Па ягоных словах, у міліцыі цудоўна ведаюць пра «Народны рэферэндум».

«Артыкул — прыцягнуты за вушы. Я як прыклад прывёў збор подпісаў жыхароў для вырашэння праблемаў ЖКГ, абсалютна аналагічны выпадак. І нічога адказаць мне не здолелі. Я лічу, што улада забараняе жыхарам звяртацца да яе ў межах заканадаўства, адмяжоўваецца ад грамадзянаў жалезнай сцяной», — заключыў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду».