Міністр абароны Украіны: «Беларусь для нас сяброўская краіна»

Пра гэта Сцяпан Палтарак заявіў у інтэрв'ю Свабодзе.

58199bf3_ab0a_4465_939f_02e91005aeaa_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg

Сцяпан Палтарак выказаўся за ўзмацненне супрацы з Беларуссю ў вайсковай сферы, у тым ліку і ва ўзаемадзеянні ўзброеных сіл дзвюх дзяржаў.
«Некалькі гадоў таму мы сустракаліся з калегамі з Беларусі, але гэтыя сустрэчы не датычыліся правядзення супольных вучэнняў. У гэтым кірунку, мы, на жаль, не супрацоўнічаем з Беларуссю. Мяркую, краіны, якія знаходзяцца побач, апроч, вядома, краіны-агрэсара, абавязкова мусяць супрацоўнічаць. Беларусь для нас сяброўская краіна, і мы заўсёды адкрытыя для перамоў», — сказаў Сцяпан Палтарак у інтэрв' ю Свабодзе.
У той жа час міністр абароны Украіны падкрэсліў, што першачарговыя вайсковыя захады ўкраінскага войска цяпер грунтуюцца на тым, каб папярэдзіць пагрозы з Расіі:
«Справа ў тым, што цяпер для нас існуе пагроза на ўсходзе, над якой мы працуем. Ёсць агрэсар — Расійская Фэдэрацыя, і мы ўсе свае высілкі накіроўваем на тое, каб супрацьстаяць расійскай агрэсіі. А Беларусь мы лічым сваімі сябрамі і пабрацімамі. І я веру ў тое, што беларускі народ ніколі ў жыцці не далучыцца да агрэсіі Расіі супраць Украіны».

У размове з карэспандэнткай Свабоды Палтарак коратка адказаў на пытанне, ці ўлічваецца ў планаванні дзейнасці вайсковых сіл Украіны пагроза паглынання Расіяй Беларусі: «Тады гэта будзе зусім іншая гісторыя».

Украіна бачыць пагрозу ў Расіі

Днямі Палтарак казаў, што апошнім часам быў створаны корпус рэзерву і танкавая брыгада рэзерву на выпадак адкрытай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Паводле яго, тэхніка падрыхтаваная да бою, запраўленая палівам, ёсць экіпажы, якія ў выпадку абвастрэння сітуацыі або адкрытай агрэсіі гатовыя ў самыя сціслыя тэрміны прыступіць да выканання задач.

Палтарак не паведаміў месца дыслакацыі рэзервовай брыгады, але, мяркуючы па тым, што такую заяву ён зрабіў у часе сваёй паездкі ў Харкаў, магчыма, яна размешчаная на ўсходзе Украіны, паблізу з расійскай мяжой.

Якія вучэнні Украіна праводзіла ля мяжы з Беларуссю

За апошнія паўгода Украіна тройчы праводзіла вайсковыя вучэнні на мяжы з Беларуссю — на палігоне «Ганчароўскае» ў Чарнігаўскай вобласці, што за 70 кіламетраў ад беларускай мяжы. Летась у снежні, калі ў 10 абласцях Украіны ўвялі ваеннае становішча, украінскае войска адпрацоўвала вядзенне агню з танкаў, баявых машын пяхоты і артылерыі, а таксама элементы наступу і вядзення бою ва ўмовах наступу праціўніка.

У жніўні 2017-га на чарнігаўскім палігоне ў адказ на беларуска-расійскія манеўры «Захад-2017» і паралельна з імі ў часе Украіна правяла найбольш маштабныя з 2014 года вучэнні, да якіх былі далучаныя тысячы рэзервістаў.

За ўвесь час двухбаковых дачыненняў Беларусь і Украіна ніколі не праводзілі супольных вайсковых вучэнняў на палігонах, але перыядычна на ўзроўні штабоў адпрацоўвалася ўзаемадзеянне ў сферы супрацьпаветранай абароны. Апошні раз такія навыкі органы кіравання паветраных сіл Беларусі і Украіны адпрацоўвалі ў кастрычніку 2013 года, калі Украіну ачольваў зрынуты прэзідэнт Віктар Януковіч.

Алена Літвінава, «Радыё Свабода»