Мяжа Беларусі і Расіі — абарона ад ІДІЛ?
Узмацненне мер кантролю на расійска-беларускай мяжы звязанае з пагрозамі міжнароднага тэрарызму, заявіў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 9 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Фота: БЕЛТА
Ён растлумачыў, што ў сувязі з узмацненнем барацьбы Расіі з міжнародным тэрарызмам, у тым ліку і ў Сірыі з ІДІЛ, расійскі бок быў вымушаны ўзмацніць меры кантролю, у тым ліку — шляхам пераводу рэйсаў з Беларусі ў міжнародныя тэрміналы расійскіх аэрапортаў.
"Адкрытая мяжа паміж Беларуссю і Расіяй можа быць часткова выкарыстаная ІДІЛ, у прыватнасці з улікам таго бязвізавага рэжыму, які аб'яўлены ў Беларусі для грамадзян 80 краін, — дадаў Сурыкаў. — У сувязі з гэтым мы былі вымушаныя перавесці ў міжнародныя тэрміналы рэйсы з Мінска. Пасажыры гэтых рэйсаў праходзяць праз памежны кантроль, дзе паказваюць пашпарт. У беларусаў і расіян толькі скануецца пашпарт — і праходзь, калі ласка. Грамадзянін трэцяй краіны з усімі наступствамі — пашпарт, візы".
Паводле яго слоў, пры гэтым бакі вядуць работу па палягчэнні доступу замежным грамадзянам і ў Расію, і ў Беларусь. "Хочам для іх гэта спрасціць шляхам узаемнага прызнання віз. Нашы службы робяць усё неабходнае, каб не абцяжарваць пераход грамадзян нейкім дадатковым часам з-за іх ідэнтыфікацыі", — сказаў пасол РФ.
З 12 лютага гэтага года ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым уезду для грамадзян 80 краін, уключаючы ЗША і дзяржавы Еўрасаюза.
15 мая Расія перавяла ўсе рэйсы з Беларусі ў міжнародныя сектары сваіх аэрапортаў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН