Андрэй Паротнікаў: У «Славянскім братэрстве» больш палітыкі, чым практычнай карысці для ваенных

З 6-га па 15 чэрвеня пад Брэстам каля 800 вайскоўцаў з Беларусі, Расіі і Сербіі адпрацоўваюць «задачы вядзення сумесных спецаперацый супраць тэрарыстаў».

Фота: voentv.mil.by

Фота: voentv.mil.by

У вучэннях «Славянскае братэрства-2017» удзельнічаюць больш за 400 вайскоўцаў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Сіл спецыяльных аперацый Беларусі, звыш 300 вайскоўцаў Пскоўскай дэсантна-штурмавой дывізіі ПДВ Расіі і 50 ваеннаслужачых спецыяльнай брыгады Сербіі. Задзейнічаны таксама ваенна-транспартныя самалёты Іл-76МД ВКС РФ, самалёты і верталёты ВПС РБ.
«У гэтых не надта маштабных — батальённага ўзроўню — вучэннях больш палітыкі, чым рэальнай патрэбы, — адзначыў у інтэрв'ю каардынатар аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — Хоць, вядома, такія вучэнні ўносяць сваю лепту ў супрацоўніцтва ў ваеннай галіне, але, хутчэй, па такіх кірунках як тактычная медыцына, міратворчая дзейнасць, ВПК».
Традыцыйна прадугледжваецца і культурна-забаўляльная праграма для ўдзельнікаў пасля вучэнняў. Цікава, што, па дадзеных эксперта, расійскія вайскоўцы ў мінулым годзе ў Сербіі адмовіліся ад сумеснай бяседы з гаспадарамі «Славянскага братэрства-2016» і беларусамі. «Прычыны расійскім бокам не тлумачыліся, магчыма, расійцы спаслаліся на «сухі закон» для вайскоўцаў, але, думаю, гэта быў знак незадаволенасці і недаверу ў адносінах да партнёраў. Беларусь на той момант «размарожвала» адносіны з ЕС, Сербія свой кірунак на ўступленне ў Еўрасаюз, зразумела, ня адмяняла», — сказаў Андрэй Паротнікаў.

«Шматвектарнасць» вучэнняў «Славянскае братэрства-2017»

«Сербія вымушана балансаваць у сваёй знешняй палітыцы, быўшы акружанай не асабліва сяброўскімі суседзямі, таму, вядома, для сербаў падкрэсліванне асаблівага гістарычнага характару адносін з Расіяй — гэта поле і прадмет для торгу з Захадам, — лічыць аналітык Belarus Security Blog. — Напрыклад, для большай падатлівасці Захаду можна заявіць пра варыянты сяброўства з другога сілай, хоць на самой справе ўсё разумеюць, што варыянтаў няма — на мапе расійска-сербскай мяжы не знойдзеш. Для сербаў гэтыя вучэнні — палітыка чыстай вады».
Для Беларусі, на думку Андрэя Паротнікава, цяперашнія вучэнні — знак гатоўнасці пашыраць супрацоўніцтва з Сербіяй, у якім у Мінска ёсць зацікаўленасць, а таксама дэманстрацыя лаяльнасці Крамлю, «гэта значыць старая выпрабаваная рыторыка: мы тут разам усё, браты-славяне і таму падобнае» .
«Для Расіі вучэнні «Славянскае братэрства-2017» — гэта таксама палітычны акт, але ён, хутчэй, накіраваны на ўнутраную аўдыторыю, якая ведае, што не можа быць вялікай дзяржавы без адданых саюзнікаў. І вось гэтая ўнутраная аўдыторыя ўбачыць, што ў саюзніках не толькі звыклая постсавецкая Беларусь, але і краіна амаль ужо еўрапейская», — сказаў Андрэй Паротнікаў.
Не варта забываць, адзначыў эксперт, і пра тое, што «такія вучэнні становяцца кропкай напружання для Захаду». «Поўнага даверу да Белграда ў ЕС няма, і ўскоснай мэтай Расіі мне ўяўляецца таксама дэманстрацыя Еўропе асаблівага характару расійска-сербскіх адносін у галіне абароны. І гэтыя «асаблівыя адносіны» спыняюць і ўскладняюць еўрапейскую інтэграцыю Сербіі», — дадаў Андрэй Паротнікаў.
Паводле thinktanks.by