«Мы выступаем разам, каб прымусіць рэжым заплаціць за грэбаванне міжнароднымі абавязацельствамі»

Вялікабрытанія, Еўрапейскі саюз, Канада і Злучаныя Штаты выступілі з сумеснай заявай па Беларусі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Мы з’яднаныя ў нашай глыбокай занепакоенасці з нагоды нападаў на правы чалавека, фундаментальныя свабоды і міжнароднае права, якія працягваюцца з боку рэжыму Лукашэнкі.
Сёння мы ажыццявілі скаардынаваныя санкцыйныя дзеянні ў адказ на прымусовую пасадку 23 траўня камерцыйнага рэйса авіякампаніі «Ryanair», які ажыццяўляўся паміж дзвюма дзяржавамі-членамі ЕС, і на палітычна матываваны арышт журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапега, а таксама на атаку на правы чалавека і асноўныя свабоды, якая працягваецца. Мы нязменна падтрымліваем дэмакратычныя памкненні народа Беларусі, якія падаўляюцца працяглы час, і выступаем разам, каб прымусіць рэжым заплаціць за сваё абуральнае грэбаванне міжнароднымі абавязацельствамі.
Мы з'яднаныя ў закліку да рэжыму спыніць свае рэпрэсіўныя практыкі супраць уласнага народа. Мы расчараваныя тым, што рэжым вырашыў адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, прыхільнасці дэмакратычным прынцыпам і ўзаемадзеяння з міжнароднай супольнасцю. Мы таксама з'яднаныя ў сваім закліку да рэжыму Лукашэнкі аказваць садзейнічанне ў поўным аб'ёме ў рамках міжнародных расследаванняў падзей 23 траўня; неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных; выканаць усе рэкамендацыі незалежнай экспертнай місіі ў рамках «Маскоўскага механізму» Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ); і пачаць ўсебаковы і сапраўдны палітычны дыялог паміж уладамі і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці пры садзейнічанні АБСЕ.
Міністр замежных спраў Дамінік Рааб:
«Вялікабрытанія і нашы партнёры сёння ўвялі санкцыі супраць тых, хто нясе адказнасць за няспыннае падаўленне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі паставіў пад пагрозу жыцці пасажыраў і членаў экіпажа самалёта ў ганебнай хітрасці з мэтай выкрадання Рамана Пратасевіча. Мы будзем прыцягваць рэжым да адказнасці, каардынуючы дзеянні з нашымі саюзнікамі, у тым ліку шляхам далейшай забароны на паездкі, замарожвання актываў і перакрыцця патокаў даходаў ад экспарту нафты».