МЗС Беларусі: Рэзалюцыя ПА АБСЕ канфрантацыйная і вядзе да росту напружання
Прынятая сёння на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЭ рэзалюцыя «Становішча ва Усходняй Еўропе», у якой крытыкуецца Беларусь, «носіць канфрантацыйны характар». Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітры Мірончык.

Дзмітрый Мірончык, фота bel.sputnik.by
Каментарый апублікаваны на сайце знешнепалітычнага ведамства.
Прадстаўнік МЗС лічыць, што такія рэзалюцыі «не толькі не дапамагаюць краінам вырашаць якія-кольвечы ўнутраныя праблемы, але і вядуць да далейшага росту напружанасці, паглыблення недаверу ў адносінах паміж дзяржавамі».
Пры гэтымі Мірончык выказаў спадзяванне, што «зацікаўленыя дыскусіі, адкрыты дыялог, асабістыя ўражанні ад наведвання нашай краіны зробяць унёсак у павышэнне аб’ектыўнасці ацэнак сітуацыі ў Беларусі дэпутатамі ПА АБСЕ ў далейшым».
У параграфах рэзалюцыі, якія тычацца непасрэдна Беларусі, прапаноўваецца прызнаць сістэмнасць парушэнняў правоў чалавека, несвабоднасць выбараў 2015-2016 гадоў. Дакумент заклікае беларускі ўрад вызваліць палітзняволеных і адмяніць смяротнае пакаранне.
Беларуская дэлегацыя патрабавала аспрэчыць кожны з пунктаў рэзалюцыі, які датычыцца Беларусі, шляхам унясення паправак у дакумент. Ніводная з гэтых паправак не была прынятая.
Еўрарадыё