МЗС Беларусі заявіла пра намер закрыць амбасады «як мінімум у некалькіх краінах свету»

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь закрые амбасады «як мінімум у некалькіх краінах свету». Такую заяву ён зрабіў пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па аптымізацыі сеткі беларускіх замежных устаноў. Сюжэты паказалі ў вячэрнім эфіры тэлеканалаў СТБ і АНТ, піша news.tut.by.

Cancillería del Ecuador з Эквадора, Wikimedia Commons

Cancillería del Ecuador з Эквадора, Wikimedia Commons

— Не хачу сказаць, што мы закрыем 10 пасольстваў у адным рэгіёне і адразу адкрыем 10 у іншым рэгіёне, такога няма. Мы будзем рухацца паступальна. Як мінімум у некалькіх краінах свету мы закрыем нашы пасольствы: дзе бачым, што на працягу доўгага перыяду іх праца не прыносіць патрэбнай знешнеэканамічнай аддачы, — сказаў міністр.
Ён заявіў, што ведамства паглядзіць на аптымізацыю дзейнасці тых ці іншых устаноў у канкрэтных краінах.
— Ну, напрыклад, калі ўзяць В'етнам, Індыю, то, скажам, фінансавыя эканамічныя сталіцы гэтых краін знаходзяцца на адлегласці як мінімум 1,5 тысячы кіламетраў ад рэальных сталіц — гэта Хашымін, Мумбай. І там размешчаны буйныя фінансавыя цэнтры, буйныя прамысловыя цэнтры. І, на наш погляд, мэтазгодная там непасрэдна дыпламатычная прысутнасць беларускага боку, што дазволіць штодня ў такім пастаянным кантакце мець зносіны з тымі ці іншымі прадстаўнікамі, і гэта будзе мець карысць для Беларусі.
Выказаўся Уладзімір Макей і пра адносіны з Польшчай, а таксама пра ўзбуджаныя крымінальныя справы пасля мерапрыемстваў у Брэсце, прысвечаных «Дню выклятых жаўнераў».
— Гэта мерапрыемствы, якія ідуць насуперак нашаму заканадаўству. Можа, у іх яны лічацца героямі, але ў нас яны лічацца злачынцамі і павінны несці адпаведнае пакаранне. Таму крымінальныя справы, якія заведзеныя супраць асобных грамадзян Беларусі, маюць канкрэтныя прычыны, і ёсць канкрэтныя доказы іх правапарушэнняў і злачынстваў.
Ён падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў нармальных, канструктыўных адносінах з Польшчай і іншымі суседнімі краінамі.
— Але гэта не значыць, што мы будзем глядзець скрозь пальцы на тыя дэструктыўныя, разбуральныя дзеянні, якія прадпрымае той ці іншы бок супраць Беларусі. На гэты кошт, без сумневу, заўсёды знойдзецца адэкватны адказ. Адносіны павінны развівацца на канструктыўнай, раўнапраўнай аснове і з павагай унутранага заканадаўства нашай краіны і міжнародных абавязацельстваў, — сказаў ён.
— Сёння абмяркоўвалася таксама і пытанне, можна сказаць адкрыта, магчымага вяртання паслоў у нашы краіны. Але зразумела, што для гэтага павінны быць сур'ёзныя падставы, якія дазваляюць усім бакам спадзявацца на тое, што гэта прывядзе да больш спакойнага развіцця сітуацыі і пераводу яе ў нармальнае дыскусійнае рэчышча.
Падчас сённяшняй нарады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў некаторых краінах немэтазгодна захоўваць нашы пасольствы і поўны штат дыпламатаў. Ён выказаўся пра сітуацыю з Польшчай, адзначыўшы, што «канструктыўныя падыходы ў Варшаве ўспрымаюць як слабасць». Паводле яго слоў, «апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, сталі непрыхаваныя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў» і правядзенне з гэтай мэтай мерапрыемстваў у Брэсце, Гродне. Таксама Лукашэнка даручыў «разабрацца прынцыпова з усімі сумнеўнымі аб'яднаннямі і ўстановамі» і правесці іх перарэгістрацыю.