МЗС Эстоніі і Нарвегіі заклікалі беларускія ўлады правесці новыя выбары
Эстонія да таго ж плануе падняць беларускае пытанне ў Радзе Бяспекі ААН, паведамляе Свабода.
![f33c087a_21bb_4e10_99be_3709d756ae4c_cx0_cy17_cw0_w1023_r1_s.jpg f33c087a_21bb_4e10_99be_3709d756ae4c_cx0_cy17_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/f33c087a_21bb_4e10_99be_3709d756ae4c_cx0_cy17_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міністарка замежных спраў Нарвегіі Інэ Эрыксэн Сёрэйдэ заклікала беларускія ўлады выканаць рэкамендацыі дакладу АБСЕ, піша БелаПАН.
«Мы асуджаем парушэнні правоў чалавека, задакументаваныя ў дакладзе Маскоўскага механізму, і заклікаем улады Беларусі выконваць рэкамендацыі гэтага дакладу. Яны павінны аб’явіць новыя выбары, спыніць гвалт, катаванні і арышты мірных дэманстрантаў, забяспечыць свабоду прэсы і пакараць вінаватых у злоўжываннях», — заявіла Сёрэйдэ.
Эстонія плануе вынесці беларускае пытанне на абмеркаванне ў Радзе Бяспекі ААН. Пра гэта міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу паведаміў «Голасу Амерыкі».
Ён таксама адзначыў, што арганізацыя новых выбараў — адзінае выйсце з крызісу ў Беларусі.
«Першы крок, які павінны зрабіць улады Беларусі — гэта спыніць гвалт.
Па-другое, вызваліць усіх палітычных зняволеных і прыцягнуць да адказнасці тых, хто прымяняў гвалт.
Таксама вельмі важна пачаць палітычны дыялог.
Адзіным выхадам з крызісу ёсць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў», — сказаў Урмас Рэйнсалу.
Ён таксама не выключае, што краінам Захаду давядзецца ўвесці дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.