На барабаншчыка, які выступаў на нядзельных маршах, завялі крымінальную справу
Каманда барабаншчыкаў, якая восенню выходзіла на нядзельныя акцыі, стала адным з сімвалаў пратэстаў. 4 лістапада яна была затрыманая. Адзін з барабаншчыкаў, Аляксей Санчук, так і не выйшаў на волю. Як паведамілі TUT.BY яго калегі, на яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.
Як распавялі TUT.BY музыкі, іх затрымалі ў Мінску 4 лістапада падчас рэпетыцыі.
— Усяго было затрымана 16 чалавек. Сем адразу адпусцілі, тры дзяўчыны атрымалі штраф па 30 базавых. Астатнім шасцярым, у тым ліку, і Аляксею Санчуку, далі ад 10 да 15 сутак.
Па словах музыкаў, пры затрыманні Аляксея збілі.
— Мы бачылі як яго выводзілі, і як ён вярнуўся пабіты. Падчас этапавання ён распавёў, што яго прымусілі адкрыць тэлефон. А там былі ўказаны пункты збору на марш. Адпаведна, была зроблена выснова, што Лёша — арганізатар. Ужо тады яму паведамілі, што ён будзе праходзіць па крымінальнай справе, — пра гэта Лёша распавёў нам у РУУС, дзе мы ўсе ўтрымліваліся. Пазней да яго ў Жодзіна прыязджаў следчы з ГУБАЗіК, дапытваў яго.
19 лістапада Аляксей Санчук не выйшаў на волю пасля таго, як адбыў 15 сутак. 26 лістапада яму прад'явілі абвінавачанне
Як паведамілі ягоныя калегі са спасылкай на адваката Аляксея, на яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. Паводле яго, «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. караюцца арыштам або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў».