На электрычнай машыне Tesla па праспекце праўды

Кожнаму ў Беларусі гарантуецца свабода думак і перакананняў, у тым ліку і адзінаму палітыку (АП). Тым, хто ў гэтым сумняваецца, рэкамендую перачытаць артыкул 33 Канстытуцыі. Гэты ж артыкул абараняе сродкі масавай інфармацыі ад манапалізацыі дзяржавай і не дапускае цэнзуры.

mashinka_1_logo.gif


Аднак права як сістэму абавязковых, фармальных правілаў, гарантаваных дзяржавай, варта адрозніваць ад правапрымяняльнай практыкі. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. 2 верасня, падчас размовы з вучнямі новай сталічнай школы, АП не ўтрымаўся і пахваліўся, што ў яго «ёсць электрычная машына Tesla», якую яму «Маск падараваў».

Аднак у афіцыйным прэс-рэлізе інфармацыя пра падарунак амерыканскага мільярдэра адсутнічае. Прыводжу адпаведны фрагмент цалкам: «Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што сам з’яўляецца прыхільнікам электратранспарту. "Самы любімы электраматацыкл. Наш мінскі ўжо робіць завод. Добрая штука. Вядома, ён не ляціць на 180 кіламетраў на гадзіну, як "Тэсла". Але вельмі прыемна. Мы будзем усё больш пераходзіць на электрамабілі».

Бедны Маск! Ён зрабіў падарунак кіраўніку дзяржавы, а нейкі канцылярскі пацук выкінуў з афіцыйнага тэксту словы ўдзячнасці, словы, вымаўленыя кіраўніком дзяржавы перад дзецьмі! Вось і рабі пасля гэтага падарункі.

Але Маск такі ўчынак беларускага клерка перажыве. Урэшце існуюць дыпламатычныя каналы, па якіх, я ўпэўнены, ужо накіраваныя прабачэнні.


Захавальнік ментальнага кансенсусу

Чаму Візантыйская імперыя не выстаяла пад націскам турэцкага султана? Таму што не змагла аб'яднаць веру і праўду. Для маскоўскіх ідэолагаў часоў Івана Жахлівага гэта было відавочна. Пра тое, што сіла не ў Богу, а ў праўдзе, ведаў яшчэ Аляксандр Неўскі.

У кожнага часу — свае героі. Для чалавека савецкага ў пачатку «нулявых» такім героем стаў Даніла Багроў з фільма «Брат 2». У эпоху вялікіх пераменаў, калі з кантэксту выпала цэлая краіна, ён прапанаваў універсальны рэцэпт асабістага выратавання. Прыводжу яго цалкам: «Вось скажы мне, амерыканец, у чым сіла? Хіба ў грошах? Вось і брат кажа, што ў грошах. У цябе шмат грошай, і што? Я вось думаю, што сіла ў праўдзе: у каго праўда, той і мацнейшы!»

З такіх індывідуальных праўдаў, як з цаглінак, і была пабудаваная ў Беларусі дзяржава для народа, дзяржава праўды. Зразумела, не абышлося без архітэктара, без чалавека, якому «на працягу чвэрці стагоддзя атрымліваецца захоўваць ментальны кансенсус з беларускім народам».

Аўтар часткі сказу, што ўзятая ў двукоссі, — доктар філасофскіх навук Леў Крыштаповіч, чалавек у краіне недаацэнены, прычым як прыхільнікамі, так і крытыкамі беларускай мадэлі. Не выключана, што прычыну недаацэненасці варта шукаць у элементарнай зайздрасці. Ці шмат у Беларусі гуманітарыяў, здольных свабодна апераваць паняццем «ментальны кансенсус»? Сярод маіх калегаў, напрыклад, такіх няма.

У аснове кожнай буйной сацыяльнай сістэмы мы лёгка можам разгледзець яе сістэмаўтваральны элемент. У індыйскай сістэме — гэта каста, у антычнай — поліс, у капіталістычнай — капітал. А што з’яўляецца сістэмаўтваральным элементам беларускай мадэлі? Я думаю, чытачы ўжо здагадаліся. Ну вядома — гэта праўда. Для тых, хто ў гэтым сумняваецца, я працытую АП: «Каго мы хочам падмануць? Народ? Народ ніколі не падманеш. Ён, можа, іншы раз і змаўчыць, але праўду ўсё роўна бачыць. Калі мы будзем мірыцца з ашуканствам, фармалізмам, імітацыяй дзейнасці, народ усіх нас адсюль хутка папросіць. І мае рацыю!»

Але вось ужо чвэрць стагоддзя народ не просіць. І ўсё чаму? І ўсё таму, што беларускія начальнікі не мірацца з ашуканствам, фармалізмам і імітацыяй дзейнасці. У Беларусі народу з начальнікамі пашанцавала, зрэшты, як і начальнікам з народам.


«Школу трэба прыводзіць да прытомнасці»

Народ ніколі не падманеш. Начальнікі прымаюць законы, начальнікі іх і ўжываюць, а народ... прыдумляе прыказкі і прымаўкі. «Закон — што дышаль...» — адна з самых папулярных. Такі вось падзел працы.

Наша праўда — функцыя ад месца ў адміністрацыйнай іерархіі і ад грошай. Мае рацыю заўсёды той, у каго больш правоў. А для тых, хто гэтую ісціну не ўсмактаў з малаком маці, існуюць шматлікія кантрольныя і сілавыя структуры. Таму наша дзяржава не толькі прававая, але і рэпрэсіўная. Пра гэта АП неаднаразова нагадваў 2 верасня педагогам і вучням мінскай школы № 93.

Прывяду невялікую падборку выказванняў, якія змяшчаюць слова «дысцыпліна», запазычаную на сайце БЕЛТА: «...заклікаў да большай дысцыпліны ў сценах школы, арыентаванасці на вучобу і дасягненне выніку». «Школу трэба прыводзіць у прытомнасць. Школа — гэта храм. Ты прыйшоў сюды, табе тут бясплатна даюць адукацыю». «На вучобу, як у храм, трэба прыходзіць з чыстымі думкамі — Лукашэнка запатрабаваў узмацніць дысцыпліну ў школе. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што дысцыпліна ў школе моцна ўпала, таму міністру адукацыі, губернатарам і мэру Мінска пастаўлена задача прыняць меры для ўзмацнення парадку і дысцыпліны ў навучальных установах».

Вось так, мы будавалі, будавалі і нарэшце пабудавалі школу-храм, якую трэба прыводзіць да прытомнасці. Хто ж нясе персанальную адказнасць за тое, што яна знаходзіцца ў коме, — міністр адукацыі, губернатары, мэр Мінска або той, каму амерыканскі мільярдэр падарыў «электрычную машыну Tesla»? Машына гэтая, калі хто забыўся, «ляціць на 180 кіламетраў на гадзіну». На такой хуткасці ўспрымаць рэальнасць адэкватна надзвычай няпроста.


«Мы пакуль не чапаем інтэрнэт»

Наша праўда — гэта своеасаблівы сурагат права. «Бо “праўда”, — тлумачыць акадэмік Юрый Півавараў, — як яшчэ ў XI стагоддзі вучыў мітрапаліт Іларыён, ёсць і ісціна, і цнота, і справядлівасць, і закон. Рэлігійна-маральны пачатак утрымлівае ў сабе і пачатак юрыдычны. Ці, дакладней, — не дае яму крышталізавацца».

Наша праўда — яна не ўніверсальная, яна лакальная. Яе актуальнасць не выходзіць за тэрыторыю, насельнікі якой маюць магчымасць знаёміцца з версіямі падзей, што распаўсюджваюцца беларускім тэлебачаннем. Выбары-экзамены; парламент, які самастойна не распрацоўвае законы; ідэалагічная вертыкаль, што спраўна функцыянуе, нягледзячы на адсутнасць дзяржаўнай ідэалогіі, — тыповыя прыклады нашай праўды. Да іх можна смела дадаць і нашу дэмакратыю. Яе ў нас не менш, чым на Захадзе. На гэтым пералік арыгінальнага і самабытнага не заканчваецца.

Але калі адказнасць за распаўсюд праўды ўскладзеная на тэлевізійны сігнал, то за будучыню такой праўды становіцца трывожна. Крыху афіцыйнай сацыялогіі ад Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра: з 2009 па 2018 гады колькасць рэспандэнтаў, якія разглядаюць тэлебачанне ў якасці крыніцы інфармацыі пра жыццё ў Беларусі і за мяжой, скарацілася з 91% да 72%, у той час як доля інтэрнэту, наадварот, узрасла з 24% да 60%. Не выключана, што ўжо ў бліжэйшыя год-два аўдыторыя інтэрнэту перавысіць аўдыторыю тэлебачання.

Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што актуальнасць тэмы інфармацыйнай бяспекі расце як на дражджах. Свежы прыклад — міжнародная канферэнцыя «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых узнікаючых тэхналогій», якая адбылася ў Мінску 3 верасня. Абмяжуюся адной цытатай: «У Беларусі як у суверэннай краіны ёсць уласнае меркаванне на тэму маральных, этычных і прававых межаў свабоды інтэрнэту. Я так свабодна кажу наконт пытання інтэрнэту, таму што ніхто з вас мяне не папракне, што мы хоць у чымсьці абмежавалі інтэрнэт у Беларусі. Хоць і трэба было б. Але пакуль яшчэ не ведаем, як гэта зрабіць так, каб цывілізаванае грамадства зноў не падвергла нас санкцыям. Таму мы пакуль не чапаем інтэрнэт. Справа, час церпяць».

Нізкі паклон цывілізаванаму грамадству. Калі б не яно, то ў адпрацаваныя на тэлебачанні маральныя, этычныя і прававыя межы даўно быў бы пастаўлены і інтэрнэт. Але пакуль «справа, час церпяць».

Сітуацыя з праўдай ускладняецца яшчэ і тым, што праўда сярод родных бярозаў і асінаў з’яўляецца сінонімам справядлівасці. Гаворка, зноў жа, ідзе пра нашу справядлівасць, пра справядлівасць народа, які не імкнецца стаць часткай цывілізаванага свету. Прынамсі такая задача на афіцыйным узроўні за апошнюю чвэрць стагоддзя ні разу не ставілася.

Галоўная асаблівасць нашай справядлівасці палягае ў тым, што яна стаіць вышэй за закон. АП увесь час пра гэта нагадвае: «Усё ў законах не прапішаш. І калі дзесьці не хапае заканадаўчай базы — дзейнічай па справядлівасці. Справядлівасць вышэйшая за закон заўсёды, калі на тое пайшло. Бываюць несправядлівыя законы, а само паняцце справядлівасці (можна сказаць, філасофскае паняцце) абсалютнае».

Усё правільна, калі б не адно «але». Справядлівасць у кожнага свая. Ёсць справядлівасць уладальнікаў падараванай Tesla, а ёсць справядлівасць тых, хто глытае пыл, калі электрычныя машыны праносяцца міма на хуткасці 180 кіламетраў на гадзіну.