Cуд над Зміцерам Паліенкам: «ціхар» і «касманаўты» (+фота, відэа)

За "непадпарадкаванне міліцыі" актывіста анархісцкага руху так і не асудзілі, затое супраць групы падтрымкі быў выкліканы нарад дэпартаменту аховы.

Група падтрымкі Зміцера Паліенкі

Група падтрымкі Зміцера Паліенкі


Сёння ў 11.00 меў адбыцца суд над анархістам і былым палітвязнем Зміцерам Паліенкай. На яго быў складзены пратакол паводле арт. 23.4. КААП: "Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі". Актывіст адмовіўся наведваць лекцыі, прызначаныя яму ў мясцовым РУУСе пасля вызвалення. Ён сцвярджае, што ўскладзены на яго абавязак штодзень хадзіць на "прафілактычныя мерапрыемствы" — незаконны.
Падтрымаць Зміцера сабралася каля 20 чалавек: грамадскія актывісты і яго паплечнікі.

img_0240_1_logo.jpg


З самога пачатку супрацоўнікі суда вельмі нервова аднесліся да наяўнасці ў судзе прадстаўнікош СМІ. Да аўтара гэтых радкоў падышла спачатку ахоўніца з прапускнога пункту Ганчарык Марына Русланаўна, потым сакратарка суда — абедзве патрабавалі спыніць здымкі, спачатку патрабуючы "акрэдытацыю", а потым "дазвол", маўляў, "здымкі ў судзе праводзяцца толькі з дазволу старшыні суда", а той "згоды не даваў". Трохі пазней пачаліся размовы аб "унутранай інструкцыі", якая, нібыта, забараняе здымкі ў залі. На просьбу паказаць яе аўтару радкоў было адмоўлена. "Гэта ўнутраны дакумант", — сказала сакратарка.
Вядома, гэтае патрабаванне з'яўляецца незаконным:. здымкі могуць быць забароненыя толькі ў зале падчас судовага пасяджэння па адмысловым рашэнні суддзі. У астатнім жа журналіст можа выконваць сваю працу паўсюль, дзе лічыць патрэбным.
Да спробаў замінаць працы журналіста далучыўся нехта ў цывільным (хутчэй за ўсе, афіцэр мясцовага РУУС), які здымаў на відэакамеру ўсіх прысутных. Ці варта казаць, што гэтыя здымкі ніякіх нараканняў ад супрацоўніц суда не выклікалі? Ціхар жа, пабачыўшы журналіста, скамандаваў супрацоўніцам суда выклікаць нарад. Праз некалькі хвілін у будынак увайшла каманда Дэпартаменту аховы МУС у шаломах.

img_0244_1_logo.jpg


Самога ж суда не адбылося — пасля наведвання судовага кабінету Зміцер Паліенка даведаўся, што пратаколы адпраўленыя ў міліцыю на дапрацоўку з-за знойдзеных у іх парушэнняў. Адпаведна, пасяджэнне будзе перанесена.
На выхадзе з будынку суда супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтара гэтых радкоў, запатрабавалі дакументы, спрабуючы даводзіць незаконнасць здымак. Пасля кароткай спрэчкі (супрацоўнікі міліцыі, вядома, не змаглі давесці, чаму раптам для здымак у судзе патрэбны нейкі дазвол), яны абмежаваліся перапісваннем дадзеных. Старшы прапаршчык Сучкоў Усевалад Юр'евіч заявіў: "если в социальных сетях появится видео, дискриминирующее сотрудников правоохранительных органов, на вас будет подано заявление в суд". Відаць, міліцыянты хочуць ўжо зараз карыстацца законам, які б забараняў здымкі людзей без іх згоды, хаця сам закон яшчэ не прыняты.
Спрэчка групы падтрымкі Паліенкі з міліцыянтамі (якія да таго ж вырашылі перапісаць дадзеныя ўсіх, хто здымаў іх на смартфон) працягвалася яшчэ паўгадзіны.

img_0259_logo.jpg

img_0255_1_logo.jpg

img_0256_1_logo.jpg

img_0262_2_logo.jpg

img_0260_2_logo.jpg

img_0264_2_logo.jpg


Пасля Зміцер даў "Новаму Часу" каментар з нагоды сваёй адміністрацыйнай справы і пераследу.


Фота і відэа Міколы Дзядка.