Найбольш цынічна здрадзяць Лукашэнку тыя, хто сёння клянецца ў бязмежнай вернасці

Праверана гісторыяй. Яна не памыляецца! Лукашэнку чакае псіхалагічнае патрасенне, піша палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале.

img_3400_logo_1_1_logo.webp

Гісторыя нічому нас не вучыць, але часам выяўляе пэўныя заканамернасці — нават на адносна невялікім прамежку часу.

Ці заўважылі вы, што ў жніўні 2020 ніхто з «ябацек» добраахвотна, ініцыятыўна не выйшаў у абарону Лукашэнкі (я не пра людзей у форме і звезеных аўтобусамі, сагнаных на «мітынг» ля Дому ўраду)?

Гэтак жа 25 жніўня 1991-га, калі абвяшчалася Незалежнасць і была спыненая дзейнасць КПБ-КПСС, ніхто з прыхільнікаў СССР і камуністычных ідэй не выйшаў абараняць ні імперыю, ні партыю Леніна.

Ніхто ў 1994-м з тых, хто галасаваў за Кебіча, не выйшаў яго падтрымаць. Наадварот: на наступны дзень пасля паразы шэф ягонага штабу віцэ-прэм’ер Мясніковіч апынуўся ў камандзе Лукашэнкі.

Я бачыў на ўласныя вочы, як у Авальнай залі, пасля інаўгурацыі, учорашнія пракебічаўскія дэпутаты падыходзілі да Лукашэнкі, віншавалі яго з перамогай і лісліва заглядалі ў вочы — толькі што ручку не цалавалі.

Лукашэнка проста ўпіваўся іх прыніжэннем, але няўжо той момант нічому яго не навучыў?

Не ведаю, калі дакладна будзе абрынуты рэжым Лукашэнкі, але абсалютна ўпэўнены, што яго чакае моцнае псіхалагічнае ўзрушэнне. І найбольш цынічна здрадзяць яму якраз тыя, хто сёння апантана клянецца ў бязмежнай вернасці. Праверана гісторыяй. Яна не памыляецца.

Зрэшты, у такіх выпадках лёсавызначальныя паводзіны нават не міністраў (здадуць і вокам не маргнуць), а камандзіра персанальнага лайнера.

Я б на месцы Аляксандра Рыгоравіча паслаў Міколку на курсы пілотаў.