НАК — пра пагрозы адабраць у Беларусі Еўрагульні: «Падрыхтоўка працягваецца поўным ходам»
Прэс-сакратар НАК Беларусі Вікторыя Мянанава ў гутарцы з карэспандэнтам Tribuna.com пракаментавала заяву НАК Германіі аб магчымым байкоце Еўрагульняў-2019.
«Падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў працягваецца поўным ходам, ніякіх дзеянняў прадпрымаць не будзем, ад нас не варта чакаць якіх-небудзь заяваў з гэтай нагоды», — сказала Мянанава.
Сёння кіраўнік НАК Германіі Альфонс Херман заявіў, што яго краіна можа байкатаваць Еўрагульні-2019 з-за затрыманняў журналістаў незалежных беларускіх СМІ.
Крыху раней «Наша Ніва» паведамляла, што з-за гэтых падзей ЕС можа адабраць Еўрагульні ў Беларусі.
ІІ Еўрапейскія гульні павінны прайсці ў Мінску ў 2019 годзе. Гэта права наша краіна атрымала на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. I Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў Баку, дзе беларускія спартсмены заваявалі 43 ўзнагароды.
Паводле by.tribuna.com