Намеснік кіраўніка польскага МЗС заклікаў улады Беларусі вызваліць затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту
З пачаткам пацяплення адносін па лініі Беларусь — ЕС і польска-беларускіх двухбаковых адносін Польшча пастаянна падымае пытанне аб захаванні правоў чалавека ў Беларусі.
Пра гэта 15 сакавіка заявіў у Мінску намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі па выніках сустрэчы намеснікаў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін — удзельніц Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства, паведамляюць naviny.by.
«Я хачу сказаць у пацверджанне, што за апошні год, пачынаючы з сакавіка мінулага года, а можа быць нават з лютага, Польшча гэтак жа, як і ЕС, ажыўляе адносіны з Мінскам, — сказаў ён у адказ на просьбу пракаментаваць масавыя затрыманні ўдзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. — Пры гэтым сумесным дыялогу мы абмяркоўваем пытанні, якія нас у апошні час турбуюць». «Пытанні правоў чалавека на ўсіх сустрэчах у мінулым годзе таксама былі закрануты», — заявіў Зюлкоўскі.
Візіт прадстаўнікоў МЗС краін — удзельніц Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства праходзіць на фоне масавых затрыманняў і судоў над удзельнікамі акцый пратэсту супраць дэкрэта № 3 аб сацыяльным ўтрыманстве ў Беларусі. Паводле звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў краіне было затрымана больш за 100 чалавек.
12 сакавіка прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што «затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі». «Еўрапейскі саюз застаецца прыхільным стабільнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі на карысць яе народа і працягне сваю працу над гэтай мэтай. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых», — падкрэсліла яна.
13 сакавіка кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын заявіла, што еўрапейскі бок сочыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі.