Гародня: блакаванні журналістаў і запалохванне грамадскіх актывістаў (дапоўнена)
У Гародні перад акцыяй, якая адбудзецца а 18-й гадзіне ў гарадскім парку Жылібера, пачаліся запалохванні журналістаў і грамадскіх актывістаў.
Цягам дня за здымачнай групай "Белсата" сачылі невядомыя, паведамляе Радыё Рацыя. Адзін з журналістаў тэлеканала заблакаваны ў сваім пад’ездзе, яму не даюць выйсці з хаты. Грамадскі актывіст БСДП Анатоль Мышкевіч таксама заблакаваны дома невядомымі. Гарадзенскіх студэнтаў, што планавалі выйсці на акцыю, сёння прымусілі выходзіць на заняткі.
Пра сітуацыю ў Купалаўскім універсітэце распавядае адзін са студэнтаў, якога прымусілі выйсці на заняткі ў другую змену:
— Мне патэлефанавалі з універсітэта, тэлефанавалі вельмі доўга, пакуль быў у душы, пакуль быў на кухні. Падняў дамашні тэлефон, сказалі, што заўтра я не павінен прысутнічаць на мітынгу, а павінен знаходзіцца на занятках з 16:25 да 21:10. У адваротным выпадку буду адлічаны за пропускі заняткаў.
Для псіхалагічнага ціску грамадзян у парку Жылібера на бярозах замантавалі дадатковыя камеры для запісу таго, што адбываецца ў парку.
Журналісту Hrodna.life Руслану Кулевічу пазванілі супрацоўнікі міліцыі і запрасілі на размову ў Ленінскі РАУС Гродна. Нібыта са Следчага камітэту прыйшло даручэнне дапытаць яго як сведку па справе размаляванага моста ў Каложскім парку, паведамляе hrodna.life
Руслан, па словах міліцыянтаў, мае прыйсці ў РАУС 15 сакавіка ў 15.45. Афіцыйнай павесткі яму не перадавалі. Па справе малюнкаў у Каложскім парку выклікаюць таксама Аляксандра Абуховіча, якога 14 сакавіка аштрафавалі на 20 базавых велічынь за ўдзел у лютаўскай акцыі пратэсту.
Рэдакцыя Hrodna.life перакананая, што такім чынам органы хочуць перашкодзіць Руслану Кулевічу ў працы. Імаверна, што пайшоўшы на размову ў РАУС, ён не зможа адтуль выйсці да канца акцыі пратэсту.
Абнаўленні:
Пад Гродна затрыманы ДАІ Алесь Залеўскі, які ехаў асвятляць акцыю. У машыне таксама знаходзіцца аператарка Вольга Давыдава. Нагадаем, аналагічная схема была выкарыстана з журналістам Яўгенам Меркісам 12 сакавіка, які ў складзе здымачнай групы Белсат рухаўся на акцыю ў Рагачове.
Па стане на 16.30 кватэры журналіста «Белсату» і Анатоля Мышкевіча разблакаваныя.