Журналістку Дзіяну Серадзюк будуць судзіць за ўдзел у мітынгу ў Курапатах
Журналістку сайта Eurobelarus.info Дзіяну Серадзюк выклікаюць у суд за ўдзел у мітынгу ў Курапатах 21 лютага 2017 года. Паседжанне суда Першамайскага раёна Мінска адбудзецца 16 сакавіка а 9.30 раніцы.
Дзіяну Серадзюк вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34 (1) КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).
“Адразу 8 чалавек па адной справе праходзяць, і ва ўсіх абвінавачванні пад капірку: “у складзе групы грамадзян, актыўна пікетавала, замінала будоўлі, выказвала сваё незадавальненне, вешала бчб-сцягі, ламала агароджу і кідалася пад тэхніку, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавала...”, — распавядае Дыяна пра адміністрацыйную справу. — Пры тым, што супрацоўнікаў у форме там не было, пратакол ніхто не складаў.
Сёння ў судзе, знаёмячыся са справай, убачыла, што я "адмовілася" падпісаць пратакол.
Доказамі ў справе з’яўляюцца матэрыялы “Белсата”, “Нашай Нівы”, Tut.by.
“Я знайшла матэрыял Tut.by, які вёў тэкставую і відэатрансляцыю з акцыі, і там выдатна бачна, што я нічога падобнага не рабіла”, — гаворыць журналістка.
Адзначым, журналістам цягам апошніх дзён прад’яўляюць абвінавачванні ў парушэнні артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Адпаведныя пратаколы, да прыкладу, былі складзеныя на журналістку-фрылансерку з Гомеля Ларысу Шчыракову. Таксама позву ў Цэнтральны РАУС Гомеля на 15 сакавіка атрымаў старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц, які быў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас нядзельнай акцыі пратэсту. Яго выклікаюць у сувязі з адміністрацыйным парушэннем паводле артыкула 23.34 КаАП.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"