Не паддавацца на падман
Кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі ўступіла ў найбольш актыўную фазу — перыяд агітацыі. Гэтыя выбары цікавыя і геапалітычнай расстаноўкай
сілаў, і ўнутрыдзяржаўнымі працэсамі. Знешне выглядае на тое, што Беларусь на парозе пераменаў, а «дзесяць адважных» кандыдатаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, насамрэч змагаюцца
за галасы электарату. Пра тое, што з гэтага праўда, а што мана, хто лідэр, а хто аўтсйдэр, журналістка «НЧ» Вольга Хвоін размаўляе з палітолагам Уладзімірам Мацкевічам.
Кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі ўступіла ў найбольш актыўную фазу — перыяд агітацыі. Гэтыя выбары цікавыя і геапалітычнай расстаноўкай
сілаў, і ўнутрыдзяржаўнымі працэсамі. Знешне выглядае на тое, што Беларусь на парозе пераменаў, а «дзесяць адважных» кандыдатаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, насамрэч змагаюцца
за галасы электарату. Пра тое, што з гэтага праўда, а што мана, хто лідэр, а хто аўтсйдэр, журналістка «НЧ» Вольга Хвоін размаўляе з палітолагам Уладзімірам Мацкевічам.
— Паводле дадзеных сацыялагічнага маніторынгу, праведзенага 16–19 лістапада Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, калі б выбары
адбыліся заўтра, за кіраўніка дзяржавы гатовыя былі б прагаласаваць 71,3% беларусаў. Рэйтынгі альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў, па дадзеных ІАЦ, не перавышаюць 1%. Ці адлюстроўваюць гэтыя лічбы
рэальны стан?
— Трэба абмяркоўваць мета далогію апытанняў і дакладнасць выканання працэдуры. Што тычыцца гэтага сацыялагічнага цэнтру, то, як паказваюць іх папярэднія апытанні, яны не могуць карыстацца
даверам, бо няма незалежнай праверкі, праз эмпірычны досвед дадзеныя таксама не пацвярджаюцца. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць афіцыйны прагноз, задачу, якая мусіць рэалізавацца на выбарах. Што тычыцца 1
% рэйтынгу, то ён не можа лічыцца сапраўдным, бо знаходзяцца ў межах памылкі выбаркі і такіх рэйтынгаў папросту не бывае ў сацыялогіі. Больш даверу ўсё ж выклікае апытанне НІСЭПД, паводле якога, па
ходу падпісной кампаніі, калі не рабілася наўмысных перашкодаў, вядомасць апазіцыйных кандыдатаў значна павялічылася. Магу меркаваць па сустрэчах па-за межамі свайго непасрэднага атачэння, вядомасць
палітыкаў вагаецца недзе паміж 10–20%, то бок людзі больш-менш ведаюць хаця б іх прозвішчы. Але такая вядомасць не надае папулярнасці, бо ў цяперашніх умовах гэта немагчыма. Толькі працэсы
сапраўднай лібералізацыі маглі б стварыць сітуацыю, каб палітыкі маглі ўплываць на папулярнасць, вядомасць. Зараз жа хоць на галаве могуць стаяць, хоць любыя абяцанні даваць, але выніку ад гэтага
мала. Калі мы паглядзім на стан грамадскай свядомасці, СМІ, то ніякіх рэцэптаў, універсальных крокаў немагчыма цяпер зрабіць, каб эфектыўна падвысіць
рэйтынг. Я нават не стаў бы кагосьці з кандыдатаў вінаваціць у пройгрышы, бо яны элементарна не могуць уплываць на сітуацыю ў такіх умовах.
— Да выбараў застаецца так мала часу, а апазіцыя не тое што не дамовілася пра адзінага кандыдата, адзіную стратэгію, але кандыдаты нават не каардынуюць свае дзеянні з калегамі па
цэху.Гэта паказчык моцы персаналій ці слабасці апазіцыі?
— Гэта сведчыць пра стан не столькі свядомасці, колькі пра дрэнную арганізаванасць у палітычных колах. Амаль усе апошнія гады дзеючая ўлада, яе ідэолагі рабілі ўсё, каб паспрыяць разладу,
дэмаралізацыі ў апазіцыі. Нешта супрацьпаставіць гэтаму, змагацца супраць падобных правакацый апазіцыя не можа, лёгка вядзецца на ўсе пасткі. Сённяшні рэжым гуляецца з грамадскай думкай як хоча,
маючы для гэтага ўсе неабходныя рычагі. Што найбольш непрыемна, апазіцыйныя лідэры нават не ўсведамляюць таго, наколькі яны ёсць марыянеткамі ў руках кіруючага рэжыму.
— Вы маглі б скласці агульны партрэт альтэрнатыўных кандыдатаў? Лукашэнка сказаў, што паміж імі няма розніцы, вы згодныя?
— Не хацелася б пагаджацца ў гэтым сэнсе з Лукашэнкам, бо я асабіста бачу многа адрозненняў, але ён мае рацыю. Гэту розніцу можа заўважыць толькі дасведчаны чалавек, той, хто сочыць за
беларускай апазіцыйнай палітыкай, мае доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Я знаёмы з усімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі, апроч Уса. Для тых, хто не ў тэме, заўважныя павярхоўныя, аднолькавыя
знакі, напрыклад бел-чырвона-белыя сцягі. Уся апазіцыя асацыюецца з БНФ, хаця яна цяпер не ёсць наймацнейшай, найбольш уплывовай апазіцыйнай партыяй. Пераканаць у адваротным можна толькі праз шырокую
інфармацыйную плынь, тады і абывацелі ўбачаць адрозненні. На сённяшні дзень, калі афіцыйныя СМІ імкнуцца не называць прозвішчы альтэрнатыўных кандыдатаў, калі паказваюць нараду Лукашэнкі са сваёй
ініцыятыўнай групай, паказваюць іх твары, як звычайны глядач можа даведацца пра адрозненні паміж кандыдатамі? Таму Лукашэнка выказвае праўдзівае меркаванне, але ж гэта праца зробленая рукамі
прапагандыстаў. Думаю, што і сам Лукашэнка бачыць і разумее, у чым розніца паміж тым ці іншым кандыдатам. Увогуле, уся сістэма пабудаваная так, каб не даць увайсці ў публічную сферу іншым
людзям.
— Якая будучыня чакае кандыдатаў пасля выбараў, калі яны прайграюць і не займеюць падтрымкі на паслявыбарчы перыяд, калі не будзе такой чаканай
«плошчы»?
— Я не вельмі веру ў нейкую «плошчу». Гэтай ідэяй нават няпроста «зацяжарыць». Выба-
ры прызначаныя на халодны, неспрыяльны час, пад святы — думаю, ніводны з кандыдатаў не набярэ столькі галасоў, каб прапанаваць пайсці за сабой. Калектыўны прызыў таксама малаверагодны, бо
кандыдаты ўсё ж розныя. Лёс іх таксама будзе розны, бо яны змагаюцца не супраць Лукашэнкі, а за свае карпаратыўныя мэты. Напрыклад, Раманчук атрымае магчымасці ўзначаліць каляАГПэшныя колы, стане
галоўным лібералам. У Някляева іншая мэта — замяніць Мілінкевіча, стаць першым тварам апазіцыі, прымальным на Захадзе, у Маскве, каб Някляеў мог уплывова гаварыць ад імя апазіцыі на
міжнароднай арэне. Міхалевіч паціху-патроху выходзіць на першыя ролі, каб змагацца за статуснасць. Кастусёў змагаецца за вяртанне БНФ ролі ў палітыцы, вяртанне
да перадавых шэрагаў, яго мэта падаецца мне найбольш прывабнай. Што тычыцца Цярэшчанкі ці Уса, то заўсёды ёсць тыя, хто шмат пра сябе думае, не разбіраючыся ні ў палітыцы, ні ў грамадскіх справах,
выходзіць у публічную сферу, каб пакрасавацца. Калісьці такой персонай быў Скрабец, цяпер гэтыя людзі займаюць такую пазіцыю. Зазначу, што ўсе гэтыя мэты нічога агульнага не маюць са скасаваннем
рэжыму.
— Ці магчымае вяртанне ў realpolitik лідэраў мінулай выбарчай кампаніі — Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча?
— Думаю, Казулін сам не ставіць мэтаў вярнуцца на пазіцыі 2005–2006 года. Што тычыцца Мілінкевіча, то захаванне яго ў якасці лідэра папросту неабходнае, і думаю, што яго адмова ад
удзелу ў брыдкіх, агідных выбарах — крок на захаванне сябе як палітыка, праўда, цяпер патрэбныя і іншыя захады. Мілінкевіч застаецца найбольш рэалістычным палітыкам, які цвяроза глядзіць на
падзеі, разумее пазіцыі нашых суседзяў, стан апазіцыі. Захаваць яго ў палітыцы — у агульнанацыянальных інтарэсах, гэтаму трэба спрыяць. Неразумныя, эгаістычныя палітыкі працавалі на тое, каб
разам з рэжымам дыскрэдытаваць Мілінкевіча пасля 2006 года. У гэтым працэсе супольна ўдзельнічалі і рэжым, і некаторыя з апазіцыйных лідэраў. Пра гэта трэба гаварыць, каб людзі разумелі, як
адбываецца выцісканне аднаго з найбольш уплывовых палітыкаў з палітычнай прасторы.
— Лукашэнка паступова займае нішы, якія шмат гадоў былі замацаваныя за апазіцыяй, магчымы варыянт, што пасля чарговай «элегантнай» перамогі ён здабудзе
прыязнасць нават у апазіцыйна настроеных беларусаў, будзе прызнаны Захадам, які яго столькі годігнараваў-выхоўваў?
— Да такіх магчымасцяў трэба ставіцца як да верагодных, але думаю, што іх імавернасць моцна перабольшваецца. Так, адносіны да Лукашэнкі ў дэмак ратычных колах пераглядаюцца, бачна, што няма
моцнай альтэрнатыўнай фігуры, каб яму супрацьпаставіць. Палітыкі зацікаўлена сочаць за эвалюцыяй рэжыму ў больш нацыяналістычны бок. Гэты крэн сапраўды ёсць, і ён не можа быць не заўважаны, але ж
гэта не можа надаць Лукашэнку папулярнасці, прыязнасці ў дэмакратаў. Ён па-ранейшаму застаецца дыктатарам, узурпатарам, чалавекам, які ўстанавіў дыктатуру, таму яго эвалюцыя, змена палітыкі
выкліканая аб’ектыўнымі прычынамі, а не эвалюцыяй асобы. І гэта таксама ўсведамляецца палітыкамі.
— Некаторыя эксперты выказваюць меркаванні, што цяпер удалы час для фармавання таго, як будзе весціся далейшы дыялог з Еўропай. Застануцца жэсты з дэманстрацыяй гатоўнасці да
дэмакратычных пераменаў, але сутнасць рэжыму кардынальна не зменіцца. І гэта прыме міжнародная супольнасць. Варыянт «цывілізаванай» манархіі, якую прызнае Захад,
магчымы?
— Думаю, што гэта самае складанае з усіх зададзеных пытанняў. Сэнс вось у чым: прызнанне Лукашэнкі з боку Захаду мае цалкам прагматычныя, рэалістычныя прычыны, бо трэба лічыцца з тым, што ў
Беларусі зараз — устойлівы, стабільны рэжым. А Беларусь немагчыма пакінуць па-за еўрапейскай палітыкай, і перамовы трэба весці з тым рэжымам, які ва ўладзе. Па-ранейшаму не прызнаюцца
легітымнасць улады, парламенту. Хутка паўстане пытанне фарміравання Еўранесту — парламенцкага вымярэння «Усходняга партнёрства», якое заблакаванае, бо ў нас няма законна
абранага парламенту. Гэта будзе стаяць востра, прынцыпова. Калі мы разглядаем палітыку Беларусі, то трэба разглядаць два падыходы: умоўны — то бок высоўванне пэўных патрабаванняў, пасля
выканання якіх будуць нейкія прэферэнцыі. Другі падыход — інструментальны, ці сацыялізацыя рэжыму. Гэта калі робяцца паслабленні, крокі Захаду на збліжэнне з Беларуссю, спрыянне
дэмакратызацыі. Цяпер Захад трымаецца інструментальнага падыходу, каб дасягнуць аднойчы колькаснай мяжы, і можна было б праводзіць сапраўдныя выбары, эканамічныя, палітычныя рэформы. Рэжым гэта
разумее і хоча паказваць дэмакратызацыю, а насамрэч кантраляваць усе дэмакратычныя працэдуры. Апошнія месяцы гэта было добра бачна з грамадзянскай супольнасцю. ЕС патрабаваў удзелу грамадзянскай
супольнасці ў міждзяржаўным дыялогу, улады Беларусі кажуць, што згодныя і ствараюць свае імітацыйныя, дэкаратыўныя формы. І тут многае залежыць ад таго, ці здольныя мы гэта ўбачыць, не паддавацца на
такі падман, тлумачыць па абодва бакі мяжы Беларусі, што ёсць насамрэч. Я не ўпэўнены, што гэта будзе здольная рабіць палітычная апазіцыя, бо яна кіруецца спрошчанымі схемамі і не мае такога
разумення, яе падмануць прасцей.