Невыкананае абяцанне. Ніводзін з буйных беларускіх аператараў не ўключыў украінскі тэлеканал UATV
Дагэтуль ніводзін з трох найбуйнейшых кабельных аператараў не
ўключыў у свае пакеты ўкраінскі тэлеканал UATV, які ў канцы студзеня
атрымаў дазвол на вяшчанне ў Беларусі, высветліла Свабода.
Кіраўніцтва дзвюх краін узгадняла вяшчанне ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу ў Беларусі з 2014 году.
UATV — украінскі дзяржаўны тэлеканал замежнага вяшчання, мае эфіры на ўкраінскай, расійскай, крымскататарскай, ангельскай і арабскай мовах. 24 студзеня міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч падпісаў загад, які дазволіў тэлеканалу распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.
Агулам у Беларусі дзейнічаюць амаль паўтары сотні кабельных тэлеаператараў, якія абслугоўваюць 3,5 мільёна абанентаў. Лідарамі рынку ёсць тры кампаніі:
— МТІС (Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі) — каля 600 тысяч абанентаў;
— «Вэлком» (Voka) — 250 тысяч;
— «Космас Тэлекам» — 120 тысяч.
Свабода пацікавілася, хто з іх плануе ўключыць ва ўласныя пакеты ўкраінскі тэлеканал UATV.
МТІС: ідуць перамовы
Генэральны прадусар прадпрыемства «Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» Аляксей Гурскі сказаў, што ўкраінскі тэлеканал пакуль ня ўключаны ў сетку, бо «ідуць тэхнічныя перамовы».
«Тут няма ніякай палітыкі. Гэта бізнэс. Да нас яны зьвярнуліся каля тыдня таму».
«Вэлком»: каналу няма
У кампаніі «Вэлком» паведамілі, што каналу UATV на іхнім кабельным сэрвісе Voka няма. На пытанне, ці будзе, адказалі, што, на жаль, пакуль не могуць пацвердзіць.
«Космас ТВ» яшчэ не прыняў рашэння
«Космас ТВ» «яшчэ не прыняў рашэння» аб уключэнні для распаўсюду ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу UATV. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў службе тэхнічнай падтрымкі аператара. Хоць, паводле інфармаванай крыніцы Свабоды, кампанія ўжо адказала адмовай на гэтую прапанову.
«Космас ТВ» на 50% зьяўляецца часткай расійскага тэлекамунікацыйнага холдынгу «АКАДО». Генеральным дырэктарам кампаніі з 2013 году працуе экс-кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў.
Пакуль у Беларусі ўкраінскі тэлеканал UATV уключылі для распаўсюду толькі тры мінскія аператары кабельнага тэлебачання.