Някляеў: БНФ адмовіла Кангрэсу дэмакратычных сілаў не праз ідэалогію, а праз асабістыя амбіцыі
Як заяўляе адзін за лідараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў, пытанне палягае зусім не ў падтрымцы ці непадтрымцы мемарандуму Рады БНР, бо па ім пазіцыі з БНФ супадаюць.
Партыя БНФ 30 студзеня прыняла рашэнне пакуль не ўваходзіць у аргкамітэт па правядзенні Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Старшыня партыі Аляксей Янукевіч казаў пра «засцярогі наконт яснасці ідэйнага зместу Кангрэсу» і прапаноўваў «фармаванне яснай ідэйнай платформы, на аснове якой адбудзецца кансалідацыя », а ў якасці такой платформы партыя бачыць віленскі мемарандум Рады БНР.
Як заявіў "Радыё Свабода" адзін з лідараў аргкамітэту па падрыхтоўцы кангрэсу Уладзімер Някляеў, няўдзел у кангрэсе БНФ выкліканы зусім не разыходжаннямі па ідэйным змесце кангрэсу:
«У даўніх традыцыях апазіцыі калі нейкае пытанне не хочацца вырашаць, яго трэба як мага даўжэй зацягнуць. Дык вось, гэтыя прапановы, якія мы займелі ад партыі БНФ, гэта той самы, як яны думаюць, хітры ход, за якім стаіць нежаданне далучыцца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэтае нежаданне не палягае на нейкіх прынцыповых рэчах, на разыходжаннях у адносінах да пабудовы нацыянальнай дзяржавы, у адносінах да Саюзнай дзяржавы ці Еўразійскага звязу. Не, тут пазіцыі супадаюць, няма чаго тлуміць галаву. Не супадаюць меркаванні пра тое, хто павінен быць ініцыятарам кангрэсу, хто зможа стаць лідэрам у выніку, не супадаюць асабістыя падыходы кіраўнікоў апазіцыйных структураў.
Па сутнасці, мы маем паўтор сітуацыі, якая склалася перад прэзідэнцкімі выбарамі. Тады таксама казалі пра прынцыповыя пазіцыі, несупадзенне ідэалаў... А насамрэч размова ішла толькі пра адно: хто будзе адзіным кандыдатам. У большасці сваёй кіраўнікі апазіцыйных структураў прыйшлі да высновы „калі не я, то хто?“ — і кангрэс быў сарваны. Гэта прывяло да яшчэ большага раздраблення і аслаблення апазіцыі, да самых ганебных у гісторыі выбараў. Тое самае адбудзецца, калі будзе сарваны кангрэс напярэдадні парламенцкіх выбараў».
Някляеў кажа, што на кангрэсе прапануецца адзіны спіс на парламенцкія выбары на замену шасці спісаў, якія прапануюцца сёння ад розных апазіцыйных структураў. БНФ жа, заяўляе ён, разглядае гэты спіс як «рэйтынг лідарства апазіцыі». Асноўная ж мэта кангрэсу, кажа ён, — разам распавесці грамадству пра цяперашнюю сітуацыю ў краіне і пазначыць шлях да выйсця з палітычнага і эканамічнага крызісу, якога ўлады не прапануюць. Што да мемарандуму Рады БНР, Някляеў нагадвае, што асабіста падпісаў мемарандум Рады БНР, па мемарандуме ў кангрэсу няма пытанняў. Ставіць пад пытанне патрыятызм Статкевіча, які на момант падпісання мемарандума знаходзіўся за кратамі, нельга, кажа Някляеў, гэта можна разглядаць толькі як знявагу. Кангрэс не адкідае магчымасцей прыцягнуць як мага большую колькасць дэмакратычных сілаў, кажа Някляеў, і кансультацыі з БНФ будуць доўжыцца. Але калі не ўдасца пераканаць партнёраў у неабходнасці кангрэсу, ён будзе праводзіцца без іх. Магчыма, будзе зменены і фармат: замест кангрэсу можа адбыцца нацыянальны сход з удзелам усіх магчымых актывістаў і грамадскіх аб’яднанняў.