«Новыя амерыканскія санкцыі заб'юць цэлыя сферы дзяржаўнай эканомікі, першым будзе «Белкалій»

Учора ЗША прынялі сектаральныя санкцыі супраць Беларусі, але фармулёўкі шырокія, блытаныя, выглядае, што ў выніковы бан-ліст трапілі і выпадковыя людзі. Апублікавана некалькі дакументаў, не зусім ясна, як усё будзе працаваць. «Наша Ніва» абмеркавала ўвядзенне новых санкцый з памочнікам Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесем Аляхновічам.

belaruskalij_livejournal_1.jpg

— Што ўчора адбылося?

Алесь Аляхновіч: Учора амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн падпісаў executive order, што задае тон і тлумачыць, якая будзе санкцыйная стратэгія ў дачыненні да лукашэнкаўскага рэжыму, які ў дакуменце называецца пагрозай нацыянальнай бяспецы ЗША.

Гэта таксама азначае, што не акрэслена ніякай «расійскай сферы ўплыву» і што ЗША будуць «далбіць».

Раней ЗША дзейнічалі на падставе ордара ад 2006 года, выдадзенага Джорджам Бушам, даволі лагоднага ў параўнанні з Байдэнам. Цяпер жа будзе закрануты цэлы шэраг сектараў, у тым ліку калійны, будаўнічы, фінансавы, транспартны, абаронны, з якімі ЗША забараняе мець любыя дачыненні сваім грамадзянам.

Але таксама прысутнічае прынцып экстэрытарыяльнасці — ЗША пагражаюць караць грамадзян усіх краін свету за супрацоўніцтва з сектарамі беларускай эканомікі і асобнымі фірмамі.

— Выглядае, што пакуль асноўнае — гэта продаж калію. Што з ім будзе?

— ЗША закрывае лазейку, што засталася пасля ўвядзення сектаральных санкцый ЕС, куды трапілі толькі асобныя коды прадукцыі, якія агулам складаюць толькі да 15% прадукцыі Белкалія — гэта Еўропа, першы раз уводзячы сектаральныя санкцыі, кіравалася прынцыпам «не нашкодзіць сабе». Цяпер жа прадукцыя Белкалія будзе забаронена цалкам, бо амерыканскія санкцыі тычацца ўсёй прадукцыі.

Так, не забараняецца Беларуская калійная кампанія, якая не здабывае, а прадае калій. Але ёй тады давядзецца прадаваць не беларускі калій, бо за супрацоўніцтва з Белкаліем яна будзе пакарана, як і ўсе яе контрагенты па ланцужку.

YARA таксама вымушана будзе спыніць закупкі калію. Я думаю, што і вазіць калій праз Клайпеду стане немагчыма: у літоўцаў, якія і так хочуць перакрыць транзіт, з’явіўся моцны аргумент у выглядзе дакумента геапалітычнага саюзніка, чаму гэта трэба рабіць. Можа быць, цяпер будуць пастаўляць праз Мурманск, дзе мора замярзае?

Нават калі Беларусь будзе прадаваць калій толькі ў Кітай ці Індыю, ЗША змогуць караць пакупнікоў.

— Спіс усё роўна выглядае вельмі дзіўным. Хто яго складаў і аддаваў амерыканцам? Напрыклад, там няма Гуцэрыева, але ёсць Шманай — наўрад ці гэта чалавек, які адказны за рэпрэсіі ці фінансавую падтрымку рэжыму.

— Санкцыйныя спісы будуць пашырацца. Ордар Байдэна дае гнуткасць чыноўнікам амерыканскага Мінфіна, якія маюць палітычны дазвол і юрыдычныя падставы для самастойнай распрацоўкі новых санкцыйных спісаў. Гэта не канец, гэта пачатак. Мы бачым першасны выгляд.

Як фарміруюцца санкцыі? У ЗША ёсць такі Офіс кантролю замежных актываў, куды экспертнай супольнасцю падаюцца прапановы.

І мы бачым, што калі раней Захад не быў настроены рашуча і абмяжоўваўся сімвалічнымі санкцыямі, што нават Алексіну ўдавалася з іх выслізнуць, то пасля пасадкі самалёта, міграцыйнага крызісу, знішчэння грамадзянскай супольнасці, скандалу на Алімпіядзе, у Захаду ёсць разуменне, што ўсё, гаварыць няма пра што.

Ніхто больш цацкацца з Лукашэнкам не будзе, ён спісаны і з ім будзе скончана. І цяпер ужо не пройдуць спробы знайсці супярэчнасці між краінамі — Захад каардынуецца.

— Ці ёсць фінансавыя падлікі, якія будуць страты?

— Не, пакуль гэта немагчыма, таму што эканамічныя прагнозы абапіраюцца на тое, што было раней. А раней такога не было. Так, былі амерыканскія санкцыі, якія толькі забаранялі амерыканскім грамадзянам і юрыдычным асобам супрацоўнічаць з забароненымі асобамі. Але тады наш імпарт у ЗША ўпаў нязначна, бо і так быў малым. А цяпер механізм санкцый іншы, мы паглядзім, як гэта будзе выглядаць.

Бязрадасны лёс «Беларуськалія», напрыклад, які прыносіць прыкладна 3 мільярды долараў штогод. Калі пад санкцыі трапіць нафтавы комплекс, то яго патэнцыял экспарту да 10 мільярдаў долараў.

— А ці былі ў свеце прэцэдэнты, калі партнёры плявалі на амерыканскія санкцыі? Можа быць, Кітай можа сабе дазволіць?

— Я патлумачу на прыкладзе. Калі я працаваў у польскай кансалтынгавай кампаніі і ў 2014-м супраць Расіі ўвялі санкцыі, то мы сталі вельмі доўга правяраць усіх контрагентаў з Расіі, каб не нарвацца на гіганцкі штраф, і часцей адмаўляліся ад супрацоўніцтва. У банкаў таксама ёсць risk department, які правярае ўгоды і раіць не супрацоўнічаць. Я не думаю, што ў Заходнім свеце нехта зможа напляваць. Гэта значыць, пытанне ў тым, адносна таго ж калію, каб пераплаціць 5% канадцам ці рускім і спаць спакойна. Думаю, усе так і паступяць. Бо разлікі ў доларах — гэта 70% сусветнага гандлю, амерыканцам усё вельмі добра бачна, хто і з кім гандлюе.

А для Кітая Лукашэнка таксама таксічны, гэта бачна па іх фінансавай палітыцы, як яны асцерагаюцца мець з ім справу. Справа ў тым, што для Беларусі ў Кітаі адкрыта крэдытная лінія на 10 мільярдаў долараў — ты можаш прыносіць бізнэс-план і табе дадуць грошы. Усяго выкарыстана 3 мільярды долараў, але далей ёй карыстацца фактычна нельга.

Сёлета кітайцы выдалі 14 мільёнаў долараў і больш не даюць, што ў маштабах краін нязначная сума. Яны асцерагаюцца і не думаю, што будуць рызыкаваць сваімі прадпрыемствамі, каб працягваць працаваць з Беларуссю. Кітаю таксама выгадна змена рэжыму, таму што Лукашэнка пагражае пастаўкам іх тавараў у Еўропу — 90% усіх чыгуначных і аўтамабільных паставак у ЕС ідуць праз Беларусь. Ішлі. Беларусь таксама не ўступіла ў СГА, як абяцала Кітаю, ва ўмовах санкцый парк «Вялікі Камень» не мае сэнсу. Відавочна, кітайцам хацелася б, каб гэта не было двухбаковым праектам. Пытанні ёсць і вельмі вялікія.