Валерый Карбалевіч: Ва ўмовах такіх санкцый Беларусь яшчэ не жыла, гэта новая рэальнасць

Невыпадкова рашэнні ад санкцыях былі аб’яўлены менавіта 9 жніўня, у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў і пачатка масавых пратэстаў, піша вядомы аглядальнік у сваёй калонцы на «Свабодзе».

1557118801_0_368_2987_2048_1920x0_80_0_0_4d58c49dbf973d5a8416704a390a3a62.jpg

У пачатку «Вялікай размовы» Лукашэнка пасля ўступнага слова даў мікрафон міністру эканомікі Беларусі Аляксандру Чарвякову. Той паведаміў пра цудоўныя вынікі эканамічнага развіцця краіны за паўгода. Гэта мусіла задаць той усёй прэсавай канферэнцыі.

Гэта азначае, што эканамічны стан Беларусі — даволі важны чыннік легітымізацыі існага рэжыму. Лукашэнка гэта разумее. Бо моцнае падзенне эканамічных паказнікаў ва ўмовах напружанай сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, міжнароднай ізаляцыі можа стаць дадатковым фактарам сацыяльнага незадавальнення.

На гэтым тле ўвядзенне ЗША, Канадай і Вялікай Брытаніяй новых эканамічных санкцый можа стаць даволі непрыемным сімптомам для беларускага рэжыму. Невыпадкова гэтыя рашэнні былі абвешчаны менавіта 9 жніўня, у гадавіну прэзідэнцкіх выбараў і пачатку масавых пратэстаў.

Усіх цікавіць, які будзе эфект ад новых санкцый. Пытанне не такое простае. Не толькі таму, што любыя санкцыі — гэта доўгая гульня і чакаць хуткага эфекту не выпадае.

Справа ў тым, што досьвед амерыканскіх санкцый мінулых гадоў, пачынаючы з 2004-га, быў непераканаўчы. Паколькі эканамічныя сувязі Беларусі і ЗША былі невялікія, то беларуская эканоміка іх амаль не адчула. Нагадаю, што санкцыі ЗША адносна 9 беларускіх прадпрыемстваў адноўлены сёлета, яны набылі моц з 3 чэрвеня 2021 г.

А як цяпер? Варта адзначыць, што санкцыі адносна 40 беларускіх кампаній і фізічных асобаў уступаюць у сілу адразу. І адначасова анансавалі сектаральныя санкцыі, якія могуць быць уведзены праз пэўны час. Дакладны тэрмін невядомы.

Другі момант. Паколькі супрацоўніцтва амерыканскіх кампаній з беларускімі не вельмі вялікае, то галоўнае пытанне палягае ў тым, ці будуць другасныя санкцыі, ці будуць яны мець «іранскі фармат»? То бок ці будуць яны распаўсюджвацца на фірмы трэціх дзяржаваў, а не толькі на амерыканскія кампаніі? З апублікаванага дакументу адназначнага адказу на гэтае пытанне не вынікае. Хачу нагадаць, што папярэднія санкцыі ЗША адносна 9 беларускіх прадпрыемстваў не з’яўляюцца другаснымі. Тут пытанне ў палітычнай волі кіраўніцтва ЗША.

У любым выпадку, у тых прадпрыемстваў, якія трапілі ў «чорны спіс», будуць праблемы. Замежныя кампаніі стануць з вялікай асцярожнасцю мець справу з таксічнымі эканамічнымі суб’ектамі.

Хоць Лукашэнка і цвердзіць, што Беларусь увесь час ягонага прэзідэнцтва жыла пад санкцыямі, маўляў, нічога страшнага. Аднак ва ўмовах такіх санкцый Беларусь яшчэ не жыла. Давядзецца прыстасоўвацца да новай рэальнасці.