Пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў

У Беларусі 10 снежня пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх адбудуцца 18 лютага 2018 года.

podpis_1.jpg

Вылучэнне кандыдатаў працягнецца па 8 студзеня 2018 года ўключна. Правам іх вылучэння надзеленыя палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Заканадаўствам устаноўлены шэраг патрабаванняў для кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў: грамадзянства Рэспублікі Беларусь (кандыдатамі таксама могуць быць вылучаныя і грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі), дасягненне ўзросту 18 гадоў, адсутнасць судзімасці.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў будзе праходзіць адпаведнай тэрытарыяльнай, акруговай камісіяй з 9 па 18 студзеня 2018 года ўключна.

8 снежня ў відэазвароце да выбаршчыкаў кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла "асаблівую актыўнасць некаторых партый" у рамках перадвыбарнай кампаніі. "У склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі не толькі партый, якія прытрымліваюцца прадзяржаўнай палітыкі, але і партый, якія адносяць сябе да катэгорыі апазіцыйных. Так, колькасць прадстаўнікоў Беларускай партыі левых" Справядлівы свет" у акруговых камісіях павялічылася ў параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі амаль у тры разы, у два з лішнім разы павялічылася колькасць прадстаўнікоў Партыі БНФ", — сказала яна.

З грамадскіх аб'яднанняў на мясцовых выбарах, паводле слоў старшыні Цэнтральнай камісіі, найбольш актыўныя Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і РГА "Белая Русь".

Як паведамлялася, ад грамадзян шляхам падачы заявы ў склад акруговых камісій уключана 1.188 чалавек, ад працоўных калектываў — 384, грамадскіх аб'яднанняў — 2.239, палітычных партый — 293.

Участковыя выбарчыя камісіі будуць створаныя не пазней за 3 студзеня 2018 года.

Беларуская апазіцыя неаднаразова заяўляла, што ў выбарчых камісіях павінны быць у абавязковым парадку і іх прадстаўнікі. На думку апазіцыі, камісіі, утвораныя толькі з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый, не могуць забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай кампаніі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН