Палітолаг пра ініцыятыву Карпянкова: Патрэбны тыя, хто будзе забіваць цывільных людзей

Карпянкоў актыўна прасоўвае ідэю стварэння «гвардыі» на базе былых і дзеючых спецназаўцаў. Нашто гэта робіцца?

img_2231_logo_2.jpg

Палітолаг Павел Усаў разважае, што ёсць некалькі версій такой ініцыятывы Карпянкова:

1. Карпянкоў — адзін з заўзятых прыхільнікаў Расіі, якая імкнецца ўмацаваць свае прамыя актывы, рычагі ўплыву і кантролю ў асяроддзі Лукашэнкі і ў Беларусі на выпадак экстраннай сітуацыі і ўнутранай дэстабілізацыі.

2. Карпянкоў вырашыў узмацніць уласныя пазіцыі і фарміруе адданых асабіста яму баевікоў, каб супрацьстаяць іншым сілавым структурам і цэнтрам як у пытаннях уплыву на Лукашэнку, так і магчымага палітычнага і эканамічнага размеркавання рэсурсаў у будучыні, калі Лукашэнкі раптам не стане.

3. Гвардыя Лукашэнкі — адданыя выключна дыктатару і яго сям'і баявыя адзінкі, якія будуць неабходныя яму для ўтрымання ўлады ў выпадку краху Расіі і ўнутранай смуты. Праблемы ў Расіі пакінуць рэжым безабаронным не толькі перад знешнім ціскам, але і ўнутраным абурэннем грамадзян Беларусі. Тады цалкам спадзявацца на сістэмныя інстытуты ціску і кіравання будзе складана, асабліва калі гаворка пойдзе пра крывавае падаўленне актыўнасці. Патрэбны тыя, хто будзе без ценю сумневу забіваць цывільных людзей і, вядома, не збяжыць у выпадку з'яўлення ўзброеных беларусаў пасля перамогі ва Украіне.

У любым выпадку, кіруючая групоўка разглядае «каліноўцаў» як цалкам рэальную пагрозу, а таксама пачынае выразна ўсведамляць непазбежнасць паражэння Расіі ў вайне і варты жалю зыход для сябе.

 

Павел Усаў згадаў, што калі Карпянкоў гаварыў пра каліноўцаў, пачаў успамінаць гісторыю: нагадаў пра падзеі ў заліве «Свінняў» і параіў вывучаць факты мінулага. «Правільная думка», — адзначае палітолаг і дадае, што варта не забываць таксама і пра лёс Хусэйна, Кадафі і Мубарака.