Палітвязня Міхаіла Жамчужнага змясцілі ў ПКТ на паўгады

Па інфармацыі праваабаронцаў, Жамчужнага змясцілі ў ПКТ за чарговую адмову ісці ў свой атрад пасля выхаду са штрафнога ізалятара. Сам палітвязень за час зняволення налічыў 77 спагнанняў, накладзеных на яго, прычым 71 з іх было вынесенае менавіта ў Горацкай папраўчай калоніі №9, дзе ён адбывае пакаранне зараз, паведамляе Белсат.

zamchuzny.gif

Па-ранейшаму, палітвязень не скардзіцца на сваё здароўе і напісаў на волю, што адчувае сябе нармальна. Паведамляе таксама, што адміністрацыя калоніі нарэшце перадала яму вітамінны комплекс, якія яму раней высылала праваабаронца Наста Лойка. Да цяперашняга часу яму іх не аддавалі па прычыне адсутнасці рэкамендацый па іх ужыванню з боку медычнай часткі.
У 2015 годзе грамадскі актывіст, заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. На працягу 2013 -2014 гадоў актывіст атрымліваў ад працаўніка органаў унутраных справаў службовыя дакументы з інфармацыяй, якая, на думку Жамчужнага, уяўляла грамадскі інтарэс – дакументы ён перадаваў у праваабарончую ўстанову «Платформа». Менавіта гэтая сітуацыя і стала падставай для крымінальнага пераследу. Жамчужны быў прызнаны вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі; дачы хабару.
Паводле беларускіх праваабаронцаў, цяпер у краіне ёсць чатыры палітычных зняволеных: Міхаіл Жамчужны, Мікіта Емельянаў, Іван Комар і Піліп Шаўроў.