Парашэнка нагадаў Еўропе пра ўрокі аншлюсу Аўстрыі і акупацыі

Пятро Парашэнка мяркуе, што паміж дзеяннямі нацысцкай Германіі напярэдадні Другой сусветнай вайны і цяперашнімі дзеяннямі Расіі ёсць відавочныя і трывожныя паралелі.



poroshenko8.jpg

"Аншлюс Аўстрыі Нямеччынай у сакавіку 1938 года і анэксія ўкраінскага Крыму Расеяй у сакавіку 2014 да болю падобныя", - цытуе прэзідэнта Украіны "Украінская праўда" са спасылкай на ягоную калонку для выдання EUObserver.
"Нацысцкая акупацыя Судзетаў пад падставай абароны этнічных немцаў, якія жылі ў Чэхаславаччыне, і расійскае ўварванне ва ўсходнюю Украіну - гэта трывожная аналогія", - напісаў ён.
Парашэнка дадаў, што адчувае "страшнае і трывожнае дэжа вю".
"Нам варта перастаць ігнараваць урокі мінулага, пакуль не стала занадта позна", - заклікаў ён.
Прэзідэнт таксама нагадаў, што ў гэтым годзе Украіна ўпершыню адмовілася ад савецкай традыцыі вайсковых парадаў да Дня перамогі, далучыўшыся затое да еўрапейскай традыцыі ўшанавання ахвяраў, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне.
"Дзень перамогі ў Еўропе павінен нагадваць жывым пра гора, якое цягне за сабой вайна, а не аб'ядноўваць грамадства супраць прывіднага вонкавага ворага", - мяркуе ён.
Таксама Парашэнка дадаў, што "у гэтым годзе мы пачалі распавядаць свету праўдзівую гісторыю ўкраінскага народа, які апынуўся паміж Сталінам і Гітлерам".
У сваім артыкуле ён таксама згадаў Халакост, прымусовае высяленне крымскіх татараў, а таксама ўдзел украінцаў у войсках СССР, краін кааліцыі, а таксама ў вызвольных рухах.