Партыя Статкевіча: улада вынайшла яшчэ адну магчымасць ізаляцыі іншадумцаў
Прэзідыум аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», які ўзначальвае Мікола Статкевіч, распаўсюдзіў заяву пра Дэкрэт прэзідэнта № 1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», паведамляе "Радыё Свабода".
![667fe098_55c7_4f4d_8bfc_6da12d5e7760_w1597_n_r0_s.jpg 667fe098_55c7_4f4d_8bfc_6da12d5e7760_w1597_n_r0_s.jpg](/img/v1/images/667fe098_55c7_4f4d_8bfc_6da12d5e7760_w1597_n_r0_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тэкст заявы цытуе агенцтва БелаПАН. Аўтары заявы адзначаюць, што «масавыя народныя выступы мінулага года прымусілі рэжым» скарэктаваць дэкрэт № 3 «Аб мерах па прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства».
«Але ўлады не супакоіліся. 25 студзеня 2018 года выданы дэкрэт № 1 "Аб садзейнічанні занятасці", які фактычна паўтарае адменены. Нядаўна вызначаныя катэгорыі беспрацоўных, якія трапляюць пад дзеянне гэтага дэкрэта», — гаворыцца ў дакуменце.
Новы дэкрэт, лічаць у аргкамітэце партыі, «дае паўнамоцтвы, каго вызначаць "дармаедамі", закрытым камісіям пры мясцовых органах улады. У складзе камісій акрамя чыноўнікаў прадстаўнікі нейкіх "грамадскіх арганізацый". Няцяжка зразумець, што гэта людзі з праўладных БРСМ, "Белай Русі" і падобных».
«Гэтыя камісіі надзеленыя самымі шырокімі паўнамоцтвамі. У тым ліку правам накіроўваць часова не працоўных у ЛПП. Да карнай псіхіятрыі і турмы дадасца яшчэ адна магчымасць ізаляцыі іншадумцаў», — гаворыцца ў заяве.