«Паўза зацягнулася». Чаму Лукашэнка не прызначае кіраўніка сваёй адміністрацыі
Больш за два месяцы ў Беларусі застаецца вакантнай пасада кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Ці было нешта падобнае раней?

Фота getty images
У канцы сакавіка гэтую пасаду пакінуў Ігар Сергеенка, якога «абралі» ў Палату прадстаўнікоў, дзе ён стаў старшынёй, нагадвае udf.name. І вось на двары ўжо першая палова чэрвеня, а Аляксандр Лукашэнка нікога не прызначыў на гэтую пасаду.
Пры тым, што пасада кіраўніка адміністрацыі — найважнейшая. Сам Лукашэнка не раз казаў, што на гэтай пасадзе працуе кіраўнік яго «палітычнага штаба». Палітык таксама называў адміністрацыю «аналітычным мазгавым цэнтрам, дзе рыхтуюцца праекты рашэнняў, якія вызначаюць лёс краіны».
Дык чаму ён трымае гэтую структуру абезгалоўленай і ці было нешта падобнае на цяперашнюю зацяжную паўзу раней?
Перастаноўкі, якія занялі адзін дзень
Цікава, што часцей за ўсё Лукашэнка звальняў ранейшага кіраўніка сваёй адміністрацыі і прызначаў новага ў адзін і той жа дзень. Гэта значыць, без усялякай паўзы і перапынку.
10 кастрычніка 1995 года быў звольнены Леанід Сініцын і прызначаны Міхаіл Мясніковіч.
12 верасня 2001 года Мясніковіч сышоў у адстаўку, а яго змяніў Урал Латыпаў.
29 лістапада 2004 года замест Латыпава адміністрацыяй стаў кіраваць Віктар Шэйман.
27 снежня 2014 года Андрэя Кабякова змяніў Аляксандр Косінец.
5 снежня 2019 года была адпраўленая ў адстаўку Наталля Качанава і прызначаны Ігар Сергеенка.
Глядзіце таксама

Колькі доўжылася самая доўгая паўза з прызначэннем кіраўніка адміністрацыі
У параўнанні з цяперашняй сітуацыяй зусім нядоўга — гаворка ішла нават не пра месяц.
Лукашэнка каля тыдня трымаў паўзу перад прызначэннем кіраўніком свайго «палітычнага штаба» Уладзіміра Макея (ліпень 2008 года) і Андрэя Кабякова (жнівень 2012-га).
Больш за ўсё да цяперашняга моманту Лукашэнка вагаўся з прызначэннем кіраўніка адміністрацыі ў снежні 2016 года. Тады паміж адстаўкай Косінца і прызначэннем Качанавай прайшло крыху больш за два тыдні.
Чаму Лукашэнка вагаецца цяпер?
Цяперашняя паўза з прызначэннем новага кіраўніка «палітычнага штаба» Лукашэнкі зацягнулася настолькі, што пачынае нагадваць анекдот. Тлумачэнне, якое ляжыць на паверхні: кадравая абойма ў палітыка сёння настолькі вузкая, што яму даводзіцца выбіраць або са старых фігур, або з не вельмі падрыхтаваных да такой працы людзей — і рабіць такі выбар, вядома, не хочацца.
Цалкам адданых людзей вакол Лукашэнкі ўсё менш, а яшчэ менш сярод гэтых адданых — разумных кіраўнікоў, якія ў стане ўзваліць на свае плечы функцыі, якія прадугледжвае пасаду кіраўніка адміністрацыі.
Разам з тым прыкметна, як у апошнія гады Лукашэнка замест дэлегавання паўнамоцтваў толькі ўзмацняе рэжым ручнога кіравання краінай, не давяраючы або сумняваючыся ў здольнасцях набліжаных.
У самым найбліжэйшым атачэнні кіраўніка Беларусі — не надта разумныя выканаўцы, якія яму,
хутчэй за ўсё, не здрадзяць, але і разлічваць на іх ініцыятыву і кемлівасць не
прыходзіцца.