Павел Латушка: Рэжым Лукашэнкі згубіў кантроль над тэрыторыяй Беларусі

«Рэжым Лукашэнкі згубіў кантроль над тэрыторыяй Беларусі», — кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага упраўлення Павел Латушка ў чарговым звароце, які мае назву «Пра пагрозу незалежнасці Рэспублікі Беларусь».

456778899_833x400.jpg


«Рашэнне пра размяшчэнні расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца неправамерным у сувязі са стратай легітымнасці з 5 лістапада 2020 года, — кажа Павел Латушка. — Дзейнасць рэжыму, які дазволіў нарасціць прысутнасць ваеннага кантынгенту Расіі ў нашай краіне, стварыла перадумовы для здзяйснення акта агрэсіі ў дачыненні да Украіны з тэрыторыі Беларусі. А гэта можа нанесці катастрафічную шкоду ў адносінах паміж беларускім і ўкраінскім народамі. Народнае антыкрызіснае упраўленне заяўляе пра недапушчальнасць ваеннай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі. Мы заклікаем дэмакратычныя краіны свету заявіць пра непрызнанне Лукашэнкі, як гэта ўжо зрабілі Еўрапарламент, Францыя і іншыя краіны свету».
Кіраўнік НАУ звярнуўся таксама да камандзіраў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь:
«Гэтак званыя супольныя вучэнні ствараюць беспрэцэдэнтнае напружанне ў рэгіёне. Адмоўцеся ад выканання злачынных загадаў, патрабуйце ад расійскіх калег пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Памятайце, што вы прысягалі на вернасць беларускаму народу», — сказаў Павел Латушка.
Паводле «Беларускае Радыё Рацыя».