Павел Усаў: Зняццё санкцый з Лукашэнкі — абсурдны і непрадуманы крок

Цяжка зразумець логіку Еўразвязу, які пастанавіў адмяніць санкцыі супраць уладаў Беларусі ды беларускіх кампаніяў, падкрэсліў палітолаг Павел Усаў у эфіры на "Белсаце".



jes_bielarusj.jpeg

Захад ужо даўно вядзе гульню з беларускім рэжым, а пытанне адмены санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва ўздымалася не ўпершыню. Яшчэ ў 2011 годзе былі пэўныя рухі афіцыйнага Менску, каб схіліць Захад на зняцце санкцыяў, адзначыў палітолаг.

«Такі крок Захаду выглядае трошку абсурдна і непрадумана, бо, нягледзячы на тое, што Лукашэнка выпусціў палітычных вязняў, а выбары прайшлі без негатыўнага эфекту — разгонаў, арыштаў, рэпрэсій, як гэта было ў 2010 годзе, то сама сутнасць сістэмы і сам Лукашэнка не змяніліся, а Беларусь як была, так і застаецца аўтарытарнай краінай. Таму не зусім зразумелая логіка Еўрапейскага Звязу, якой ён кіраваўся ў дачыненні да Беларусі, калі было прынятае рашэнне пра зняцце санкцыяў. Што цікава, здымаюць не толькі тыя санкцыі, якія былі ўведзеныя ў 2011 годзе супраць людзей, што фальсіфікавалі выбары, фінансуюць палітычную сістэму, але нават з Лукашэнкі, які фактычна з’яўляецца сімвалам усяго таго кепскага, што адбываецца ў Беларусі, усяго таго брутальнага і негатыўнага, што сталася з краінай», — заўважыў палітолаг.

Адмена санкцыяў Захаду без выразнага тлумачэння — гэта непавага да ахвярнасці тых беларусаў, якія пацярпелі ў супрацьстаянні з рэжымам, а таксама здрада дэмакратычным прынцыпам і каштоўнасцям. «Цяпер, калі будзе дыялог з дыктатарам, якому далі «зялёнае святло», то безумоўна, гэта падарве рэшткі маральнага духу да барацьбы, а, па-другое, пазбавіць надзеі людзей, якія імкнуцца, каб нешта ў краіне змянілася», — лічыць Павел Усаў.

belsat.eu