Пазьняк: Эканоміка мацнейшая за палітыку, санкцыі — поўны пшык
З крытыкай санкцыйнай палітыкі Захаду ў дачыненні да афіцыйнага Мінска выступіў лідар руху «Вольная Беларусь», былы старшыня Беларускага народнага фронту (БНФ) Зянон Пазьняк, піша «Позірк».

Зянон Пазняк падчас акцыі да Дня Волі ў Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага
“Досвед паказаў: [санкцыі] — поўны пшык. Я адразу гаварыў: нічога з гэтага не будзе. Ні Расею вы не пакладзеце, ні рэжым. Вы загоніце Лукашэнку пад Расею”, — заявіў палітык у інтэрв’ю ютуб-каналу “Беларускі крок”.
Санкцыі ён назваў адной з прычын “генацыду Беларусі, які адбываецца”.
“Санкцыі працуюць супраць народа. Блакіруюць “Беларуськалій”, выкарыстоўваюць Літву ⟨…⟩ А на рэжым санкцыі абсалютна не дзейнічаюць. Уся эканоміка працуе на Расею, на расейскую ваенку. Распрацаваны розныя мафіёзныя схемы — нават з Захадам гандлююць праз трэціх асоб. Гэта сакрэт полішынэля”, — дадаў палітык.
Глядзіце таксама

На думку Пазьняка, “эканоміка мацнейшая за палітыку, і нічога гэтыя санкцыі не зробяць”.
Ён спаслаўся на неэфектыўнасць санкцый для падзення дыктатур на гістарычных прыкладах Кубы і Паўночнай Карэі.
Заходнія санкцыі (Еўрасаюза, ЗША, іншых дзяржаў) ўведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і ўзмоцненыя пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ўлады прымусілі прызямліцца ў Мінску самалёт авіякампаніі Ryanair з беларускімі апазіцыянерамі на борце, які ляцеў з Афін у Вільнюс. Пазней санкцыі былі пашыраныя праз саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У прыватнасці, ЕС увёў восем санкцыйных пакетаў супраць афіцыйнага Мінска. Таксама грамадзяне Беларусі і арганізацыі згадваюцца ў санкцыйных дакументах супраць РФ.
Глядзіце таксама

Прадстаўнікі найбуйнейшых дэмакратычных сіл (Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс дэмлідара Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне) падтрымліваюць санкцыі і неаднаразова заклікалі міжнародную супольнасць і заходніх саюзнікаў узмацніць праз іх ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.