Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС працягнуцца ў верасні

Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раунд перамоваў па пагадненнях паміж ЕС і Беларуссю аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

shengen_visa_5b2a003fe19b0.jpg


З улікам таго, што папярэдняя сустрэча адбылася ў Мінску, Камісія прапанавала ўдзельнікам перамоваў гэтым разам сустрэцца ў Бруселі ў верасні 2018 года. Камісія выказала гатоўнасць працягваць перамовы, каб завяршыць іх як мага хутчэй, паведамляе прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
Камісар па пытаннях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамопулас сказаў: "Еўрапейскі саюз рашуча скіраваны на ўмацаванне свайго ўзаемадзеяння з народам Беларусі і яе грамадзянскай супольнасцю. Спрашчэнне візавага рэжыму актыўна паспрыяе развіццю кантактаў паміж людзьмі, што дазволіць ствараць не толькі асабістыя сувязі, але і мацнейшае ўзаемадзеянне паміж кампаніямі на карысць нашых эканомік. Я хацеў бы падзякаваць беларускім уладам за ўдзел у перамовах па абодвух пагадненнях. Гэтае супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў інтарэсах абодвух бакоў і, самае галоўнае, у інтарэсах нашых грамадзян".
Перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна пачаліся ў студзені 2014 года; дагэтуль адбылося чатыры раунды перамоваў. У чэрвені 2017 года ў Мінску адбылася апошняя сустрэча, падчас якой быў дасягнуты значны прагрэс, у прыватнасці, у дачыненні да будучага пагаднення аб рэадмісіі.
Калі пагадненні будуць заключаныя, яны зробяць працэдуры выдачы Еўрапейскім саюзам кароткатэрміновых віз беларускім грамадзянам прасцейшымі і таннейшымі, а таксама дазволяць Беларусі лепш забяспечваць рэадмісію сваіх грамадзян, якія не маюць права знаходзіцца на тэрыторыі ЕС.