Петыцыю за адстаўку Ярмошынай за суткі падпісалі амаль 900 чалавек

Збор подпісаў на пляцоўцы change.org арганізавала Аб'яднаная грамадзянская партыя.

zrzut_ekranu_2016_09_11_o_19.28.33.png

«Канстатуючы, што Лідзія Ярмошына была прызначаная на пасаду старшыні ЦВК з грубым парушэннем дзеючага заканадаўства;
прымаючы пад увагу, што ўсе прэзідэнцкія і парламенцкія выбарчыя кампаніі, арганізаваныя ЦВК на чале з Ярмошынай, былі прызнаныя міжнароднымі місіямі неадпаведнымі стандартам АБСЕ;
адзначаючы, што сп-ня Ярмошына неаднаразова рабіла заявы і ажыццяўляла дзеянні, якія дыскрэдытуюць ЦВК;
улічваючы, што ў Беларусі ў 2019-20 гг. пройдуць парламенцкая і прэзідэнцкая выбарчыя кампаніі;
мы, выбаршчыкі Рэспублікі Беларусь, грунтуючыся на артыкуле 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 1998 г. №137-З «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў», патрабуем адхілення старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай ад займанай пасады і прыцягнення яе да адказнасці за дзеянні, у выніку якіх амаль сем мільёнаў чалавек пазбаўлены права выбару», — гаворыцца ў тэксце зварота.
Па стане на 18.00 петыцыю падпісалі 867 чалавек. Зварот, сярод іншых, падпісаў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.
Петыцыя будзе накіраваная на разгляд у Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта.