Пётр Рудкоўскі: Пратэсты 2020 года маюць сэнс у доўгатэрміновай перспектыве

Вольная і незалежная Беларусь нам патрэбная з тых самых прычын, што і вольная і незалежная Украіна

_ljublju_belarus___roznae__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Да другой гадавіны падзеяў жніўня 2020 года польскі сацыёлаг і публіцыст Славамір Серакоўскі выступіў з падтрымкай беларусаў. На яго думку, нельга папракаць беларускі пратэст за ягоны выключна мірны характар.

Вольная і незалежная Беларусь нам патрэбная з тых самых прычын, што і вольная і незалежная Украіна, кажа публіцыст.

«Филин» пагутарыў на гэтую тэму з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятром Рудкоўскім.

— Славамір Серакоўскі нагадвае, што Польшча прайшла праз падобныя выпрабаванні ў 1980-х. Кажа, што беларусам патрэбная падтрымка, як і палякам у часы ваеннага становішча. У чым каштоўнасць для нас такой заявы праз два гады пасля няўдалай рэвалюцыі?

— Мяркуючы па спантанных назіраннях — ацэнка цяперашняй сітуацыі ў Беларусі праз прызму сітуацыі ў Польшчы ў 80-я гады — не дужа папулярная. Як і не папулярным ёсць супастаўленне ролі Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны з роляй Польшчы ў савецкай агрэсіі супраць Чэхаславакіі ў 1968-м. Але, падкрэслю, гэта мае спантанныя назіранні, я не займаўся сістэмным маніторынгам.

Так ці інакш, голас спадара Серакоўскага тут дужа важны — не толькі для польскай публічнасці, але таксама беларускай. Чалавечай прыродзе ўласціва настройвацца на хуткі эфект, але ў некаторых выпадках такая ўстаноўка вядзе да горкіх расчараванняў і апатыі.

Пратэсты 2020 года не прынеслі раптоўнага поспеху, аналагічна, як пратэсты 1980-81 гадоў у Польшчы (якія паводле інтэнсіўнасці параўнальныя з беларускімі ў 2020-м). Але мелі сэнс у доўгатэрміновай перспектыве.

rudkouski01.jpg


— Што з досведу палякаў часоў ваеннага становішча і польскай «Салідарнасці» маглі б пазычыць беларусы сёння?

— У часе ваеннага становішча былі страх, расчараванне, дэпрэсія. Не думаю, што штосьці з гэтага трэба «запазычваць». Але нават калі гаварыць пра больш светлыя часы — грамадзянскі ўздым на пачатку 80-х або бліскучая перамога апазіцыі напрыканцы 80-х — я б не стаў гаварыць пра «запазычванне».

Замест «запазычвання» я б хацеў гаварыць пра тое, што варта ўлічыць, вывучаючы чужы досвед. Па-першае, тое, што не ўсё залежыць ад зерня, шмат што залежыць ад [геапалітычнага] надвор’я.

Па-другое, геапалітычная сітуацыя схільная мяняцца час ад часу, таму шанцы на тое, што з’явіцца спрыяльная сітуацыя, даволі высокія.

Па-трэцяе, імкнуцца пазбягаць варажнечы і расколаў, але калі яны з’яўляюцца, не трэба ўспрымаць гэта як трагедыю. Варажнеча і расколы былі, вядома ж, у шэрагах тагачаснай польскай апазіцыі. І ў любой структуры, любым руху яны ёсць.

Раскол — гэта перадусім нагода, каб вярнуцца да голасу свайго сумлення, свайго сэрца. Што яно падказвае, як далей дзейнічаць? Такое «вяртанне да самога сябе» можа мець вялікае значэнне, у тым ліку палітычнае.

— Выглядае, што не ўсе нашыя суседзі падзяляюць думкі Серакоўскага. Днямі міністр абароны Латвіі Арціс Пабрыкс зазначыў, што не лічыць нашу краіну незалежнай, што яна ўжо фактычна «частка Расіі». Наколькі небяспечныя падобныя заявы?

— Спадар Серакоўскі і міністар Пабрыкс не толькі выступалі ў розных ролях, але таксама казалі пра розныя аспекты праблемы. Тое, што Беларусь трапіла ў глыбокую залежнасць ад Расіі, гэта, на жаль, так. Паралель з ПНР, якую праводзіць Серакоўскі, тут, хутчэй, пацвярджае выказванне Пабрыкса (бо ПНР можна было назваць «фактычна часткай СССР»).

Канешне, я не прыхільнік таго, каб празмерна акцэнтаваць гэтую фактычную залежнасць, бо яна можа прывесці да фаталістычнай устаноўкі: ага, калі фактычна залежныя, то няма сэнсу і што-кольвечы прадпрымаць.

Варта зыходзіць з таго, што: 1) фармальныя атрыбуты дзяржаўнасці надалей ёсць; 2) у беларускім грамадстве ёсць устойлівы канэнсус наконт захавання незалежнасці.

Ну і застаецца таксама момант палітычных амбіцый Лукашэнкі, якім не трэба падыгрываць, але якія можна выкарыстоўваць: ён не зацікаўлены ў страце суверэннай улады або/і пераходзе ў лакальную гісторыю Расіі.