Праймерыз працягваюцца. Апазіцыя прадставіла сайт для онлайн-выбараў Адзінага кандыдата

27 сакавіка ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, на якой быў прадстаўлены далейшы план правядзення ў Беларусі апазіцыйных праймерыз 2020 года.

adz7_200127_7nycp__1_.jpg

«Праймерыз працягваецца. У працэдуры застаецца чатыры арганізацыі», – заявіў кіраўнік Штабу Адзінага кандыдата, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Падчас прэс-канферэнцыі быў афіцыйна прадстаўлены сайт праймерыз. Удзельнічаць у галасаванні могуць толькі грамадзяне з беларускімі нумарамі. З аднаго мабільнага тэлефону можна прагаласаваць толькі адзін раз.
Распрацоўкай сайту займалася міжнародная каманда пры актыўным удзеле праграмістаў з Чэхіі, якія раней арганізоўвалі правядзенне падобных праймерыз у сваёй краіне. Да сённяшняга дня сайт працаваў у тэставым рэжыме. Праз гэта ўсе вынікі галасавання тых, хто аддаў свой голас да раніцы 27 сакавіка, былі ануляваныя. Тыя, хто прагаласаваў раней, з сённяшняга дня могуць зрабіць гэта зноў.
Падчас онлайн-галасавання жыхары Беларусі змогуць прагаласаваць за найбольш блізкую для сябе кандыдатуру ўдзельніка праймерыз. Таксама ім прапануецца прыняць удзел у альтэрнатыўным галасаванні, мэта якога - дапамагчы знайсці аптымальна прымальнага кандыдата.
Першыя вынікі онлайн-галасавання будуць апублікаваныя праз тры дні. Галасы будуць праходзіць праверку, каб у выпадку неабходнасці спыніць накрутку галасоў. Канчатковыя вынікі агучаць на адмысловай прэс-канферэнцыі.
Кіраўнік арганізацыйнай камісіі, намеснік старшыні Руху За Свабоду Віктар Янчурэвіч у сваю чаргу адзначыў, што ўведзены пасля 17 сакавіка каранцін па паездках у рэгіёнах працягваецца. Паводле яго, выезды ў рэгіёны будуць замененыя віртуальнымі падарожжамі ў тыя гарады, куды планавалася паездкі.
Каб прыцягнуць выбарнікаў да онлайн-камунікацыі з кандыдатамі, інфармацыя пра сустрэчы будзе змяшчацца ў лакальныя паблікі ў сацсетках. Падчас онлайн-сустрэчаў акцэнт будзе рабіцца на мясцовых праблемах. Пры гэтым у каментарах да трансляцыяў жыхары змогуць задаваць свае пытанні.
Удзельнікі галасавання (як у інтэрнэце, так і офлайн, калі паездкі адновяцца) цяпер будуць даваць згоду на ўдзел у ініцыятыўнай групе адзінага кандыдата. Таксама яны падпісваюцца пад тым, што лічаць удзел дзеючага кіраўніка дзяржавы ў выбарах незаконным.
Як адзначыў кіраўнік інфармацыйнай камісіі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, зроблена гэта для таго, каб «ні сябры ўчастковых камісіяў, ні прадстаўнікі выканкамаў» не маглі паўплываць на вынікі праймерыз. «Гэта адзін з механізмаў і кантролю», – адзначыў ён.
Што датычыць далейшага фармату правядзення праймерыз па выбарах Адзінага кандыдата, то адпаведнае рашэнне будзе прынятае 1 траўня ў залежнасці ад сітуацыі з развіццём эпідэміі каронавіруса ў Беларусі.
У любым разе, адзначыў Віталь Рымашэўскі, супольная праца будзе працягнутая. У прыватнасці, працягваецца распрацоўка супольнай праграмы рэформаў (у эканоміцы, сістэме аховы здароўя, сацыяльнай сферы і гэтак далей), якой зможа скарыстацца як адзіны кандыдат, гэтак і любы іншы дэмакратычны кандыдат. У падрыхтоўцы праграмы ўлічваюцца і прапановы Партыі БНФ, якая заявіла пра выхад з праймерыз.
Таксама ў межах кампаніі «Права выбару» запланаваны шырокі ўдзел дэмакратычных структураў у назіранні за хадой прэзідэнцкай кампаніі 2020 года.
Нагадаем, што ў кампаніі праймерыз па выбарах Адзінага кандыдата ўдзельнічаюць Аб’яднананя грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская хрысціянская дэмакратыя і Рух За Свабоду. Кандыдатамі з’яўляюцца Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў.
Паводле прэс-рэліза